Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан "рашуча асуджае" палітычна матываваны прыгавор, вынесены ўчора экс-кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі Андрэю Саньнікаву.
У спэцыяльнай заяве Эштан адзначае, што "глыбока занепакоена" суровымі прыгаворамі апошніх дзён у дачыненьні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці й палітычнай апазыцыі Беларусі, паведамляе агенцтва БелаПАН.
Паводле Эштан, цяперашнія падзеі не пакідаюць сумненьняў у значным пагаршэньні сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека й дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі з той пары, як на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня 2010 года былі парушаны выбарчыя стандарты. У заяве прадстаўніца Эўразьвязу зазначае, што ў Беларусі мелі месца палітычна матываваныя перасьледы, арышты, затрыманьні й судовыя працэсы над прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці й незалежных СМІ.
Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі таксама сур'ёзна занепакоена паведамленьнямі аб магчымых катаваньнях і іншых відах жорсткага абыходжаньня з апанэнтамі ўладаў у Беларусі.
Яна заклікала беларускія ўлады неадкладна спыніць расправу над палітычнай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю, вызваліць усіх палітзьняволеных і спыніць палітычна матываваныя судовыя працэсы, у тым ліку ў дачыненьні да астатніх экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі.
вс