http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=155434

Севярынцу - 3 гады хіміі, Халіп - 2 умоўна, Марцалеву - 2 гады з выпрабавальным

16.05.2011

Журналістка Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, прысуджана да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады. Сустаршыня аргкамітэта па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Павал Севярынец, кіраўнік штаба Віталя Рымашэўскага, — да трох гадоў так званай хіміі. Сяргей Марцалеў, кіраўнік штаба Мікалая Статкевіча,— да двух гадоў пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на два гады.

Такое рашэньне прыняў 16 мая суд Заводзкага раёна Менска. Прысуд абвясьціла судзьдзя Жанна Брысіна, паведаміла агенцтва БелаПан.

Пасьля вынясеньня прыгавораў асуджаныя былі вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

Халіп, Севярынец і Марцалеў асуджаны ў межах справы аб так званых масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 года на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да трох гадоў.

БелаПан/дг