Няма падставаў для таго, каб перажываць за будучыню зоны эўра, мяркуе міністар фінансаў Нямеччыны Вольфганг Шойбле, які выступіў на Эканамічным форуме ў Брусэлі.
Шойбле казаў, што эўра - стабільная валюта, і ані яна, ані зона эўра не знаходзяцца ў крызысе. Таму размовы пра быццам бы падзел ці распад зоны эўра не адпавядаюць рэчасінасьці, лічыць міністар.
В. Шойбле: Крызыс эўра не існуе, ёсьць толькі крызысы паасобных краін, якія знаходзяцца ў зоне. Гэтыя праблемы ў Грэцыі выклікалі эканамічная й падатковая палітыка, а ў Ірляндыі – празьмерна разьдзьмутая банкаўская сыстэма. Нас крызыс закрануў з-за даўгоў у паасобных краінах, а не па прычыне нестабільнасьці валюты.
Міністар фінансаў Нямеччыны сьцьвярджае, што адной з прычын крызысу было памылковае перакананьне, што фінансавыя рынкі рэагуюць рацыянальна. Тым часам рынкі й людзі не спраўляюцца зь неабмежаванай свабодай. „Памылкай была ліквідацыя шматлікіх кантрольных рэгуляваньняў”, - сказаў у Брусэлі нямецкі міністар фінансаў Вольфганг Шойбле.
яс