100 гадоў прайшло з таго часу, калі Нобэлеўскі камітэт прызнаў польцы Марыі Складоўскай-Кюры прэмію за адкрыцьцё двух хімічных элемэнтаў – палёнія й радыя. З гэтае нагоды Сэйм Рэчыпаспалітай Польшчы аб’явіў 2011 год Годам Mарыі Складоўскай-Кюры. Жыцьцё гэтай жанчыны было поўным цяжкасьцяў і асабістых трагедый, але ёй удалося спалучыць ролю геніяльнага навукoўца з роляй кахаючай жонкі й шчасьлівай маці. За сваю працу й каханьне заплаціла пакутамі – як фізычнымі, так і псыхічнымі, але цяжкасьці толькі мабілізавалі яе на далейшую працу. Альбэрт Эйнштэйн сказаў пра яе: “Адзіная, якую не папсавала слава”.
А сёньня госьць нашай перадачы – дырэктар Музэя Марыі Складоўскай-Кюры ў Варшаве Малгажата Сабешчак-Марціняк.
Марыя Складоўская-Кюры – гэта адзіная жанчына, і ўвогуле адзіны навуковец, хто атрымаў дзьве Нобэлеўскія прэміі ў галіне дакладных навук – адну ў галіне хіміі, другую – фізыкі. Такім чынам пачнем з фармальнага пытаньня - як яе правільна называць - хімікам ці фізыкам?
М. Сабешчак-Марціняк: Тады, калі яна працавала, рабіла свае адкрыцьці, фізыка была вельмі набліжана да хіміі. Нават можна было б сказаць, што гэта была адна галіна ведаў. Праўда, гэта вялікае абагульненьне, але прынамсі ў тым, чым займалася Марыя, цяжка адрозьніць гэтыя дзьве галіны. Першую Нобэлеўскую прэмію яна атрымала ў галіне фізыкі. Узнагарода была прызнана за дасьледваньне зьявы радыеактыўнасьці – а гэта фізычная зьява. У сваю чаргу другая Нобэлеўская прэмія была прызнана ёй ў галіне хіміі, паколькі датычыць дасьледваньняў хімічных элемэнтаў, іх уласьцівасьцяў. Дарэчы, наступствамі дасьледваньняў Марыі Складоўскай-Кюры карыстаюцца і фізыка, і хімія, і мэдыцына.
Яна нарадзілася ў Польшчы, была вялікай патрыёткай сваёй айчыны, але, тым ня менш, была прымушаная выехаць з краіны, каб працягваць адукацыю. Ці тады, напрыканцы 19-га стагодзьдзя, жанчыны ў Польшчы зусім ня мелі магчымасьці атрымаць вышэйшую адукацыю? Дарэчы, нельга забываць, што польская дзяржава фармальна не існавала.
М. Сабешчак-Марціняк: Так, хаця гэта не была спэцыфіка толькі тэрыторыі пад панаваньнем Расеі, на якой знаходзілася месца нараджэньня Марыі – Варшава. Увогуле ў Эўропе было вельмі мала ўнівэрсытэтаў, дзе жанчыны маглі вучыцца. Адной з такіх ВНУ была Сарбона ў Парыжы. У сувязі з гэтым, калі дзяўчыны з нашай часткі Эўропы хацелі рэалізаваць свае мары, то ім прыходзілася выязджаць за мяжу. І часта гэта былі дзяўчыны менавіта з Усходняй Эўропы – Польшчы, Украіны, Расеі, бо францужанкі, якія маглі вучыцца, ня вельмі імкнуліся атрымліваць вышэйшую адукацыю. Гэта парадокс – там жанчыны мелі магчымасьць быць самастойнымі, але насамрэч моцна залежылі ад мужа ў кожнай галіне жыцьця. Нават калі жанчына хацела працаваць, то муж павінен быў на гэта згадзіцца. Марыя выехала ў Парыж, і казала, што там адчувае сябе свабоднай, а францужанкі ня вельмі імкнуліся скарыстацца гэтай свабодай.
Пасьля заканчэньня навучаньня Марыя Складоўская-Кюры працавала над зьявай радыеактыўнасьці. І менавіта яна прыдумала дадзены тэрмін. Якім чынам яна вяла сваю працу над гэтай фізычнай зьявай?
М. Сабешчак-Марціняк: 3ьяву, якую пазьней назвалі радыеактыўнасьцю, адкрыў Анры Бэкэрэль. А здарылася гэта зусім выпадкова. Яму было патрэбнае дзённае сьвятло дзеля дасьледваньняў. А паколькі ў гэты дзень не было сонца, то ўранавую руду, якой ён тады займаўся, навуковец абкруціў фотастужкай і паклаў у шуфляду. І якое было яго зьдзіўленьне, калі празь некалькі дзён ён вынуў руду, і аказалася, што стужка засьвечана. Ён зразумеў, што руда выдзяляе промні, якія засьвечваюць фотастужку. Бэкэрэль перастаў гэтым займацца, але зьява зацікавіла Марыю – што знаходзіцца ў гэтым мінэрале? Так пачаліся яе дасьледваньні. Пазьней аказалася, што радыеактыўнасьць гэтага мінэралу намнога вышэйшая, чым радыеактыўнасьць самой уранавай руды. Яна пачала шукаць, што выдзяляе радыеактыўнасьць у мінэрале.
Такім чынам Марыя Складоўская адкрыла новы элемэнт – палёній, назвала яго ў гонар сваёй Радзімы – Польшчы. Але палоній не такі слаўны і не выкарыстоўваецца так шырока, як наступны элемэнт, які яна адкрыла – радый.
М. Сабешчак-Марціняк: 3ахаваліся нават успаміны пра выказваньне Марыі, у якім яна шкадавала, што крыху пасьпяшалася й першы элемэнт назвала палёніем у гонар Польшчы. Яна хацела падкрэсьліць, што краіна існуе, хаця б на табліцы Мендзялеева, нават тады, калі няма яе на мапе сьвету. У сваю чаргу, радый сапраўды пачалі выкарыстоўваць у мэдыцыне. Палёній вельмі хутка распадаецца, цяжка яго дасьледваць, а радый мае час паўраспаду намнога даўжэйшы. І аказалася, што ён лечыць ракавыя пухліны.
Марыя знаёміцца з Пятром (П'ерам) Кюры, які пазьней становіцца яе мужам. Гэта таксама выбітны навуковец. Праца над выдзяленьнем радыя працягвалася аж 4 гады, і пераважна выконвала яе Марыя, але ці адкрыцьцё было б магчымае без дапамогі, без падтрымкі П'ера Кюры?
М. Сабешчак-Марціняк: Думаю, што не. Найважнейшай праблемай Марыі была адсутнасьць лябараторыі. Калі яна пазнаёмілася зь П'ерам, то магла працаваць у лябараторыі. П'ер быў старэйшы за яе, а таксама ў яго было больш досьведу навуковай дзейнасьці. Марыя выказвала свае думкі, гіпотэзы, а П'ер дапамог ёй сканцэнтравацца на дасьледваньнях. Праўда, П'ер займаўся тады дасьледваньнем крышталаў, але пазьней далучыўся да працы Mарыі, калі заўважыў, што магчыма знайсьці нешта цікавае.
І праца над выдзяленьнем радыя з уранавай руды працягвалася некалькі гадоў – у вельмі цяжкіх умовах, у холадзе, без адпаведных прыладаў.
М. Сабешчак-Марціняк: Так, гэта была катаржная фізычная праца, пад голым небам. Трэба было перапрацаваць некалькі тонаў уранавай руды пры дапамозе хімічных раствораў. Яны вельмі доўга стараліся атрымаць месца ў нармальнай лябараторыі, але дзеля гэтага трэба было ведаць адпаведных людей, а П'ер быў вельмі сьціплым чалавекам, ня ўмеў сябе рэклямаваць, ня кажучы пра Марыю.
Але праз чатыры гады працы ўдалося выдзеліць новы элемэнт – адзін грам радыя. Пазьней аказалася, што ён мае лячэбныя ўласьцівасьці, дзякуючы чаму Марыя й П'ер здабылі славу, якой зусім ня ўмелі карыстацца.
М. Сабешчак-Марціняк: Так, яны сталі слаўныя напэўна дзякуючы таму, што радый мае цалебныя ўласьцівасьці. Вельмі шмат навукоўцаў адкрыла новыя элемэнты, і ніхто пра іх ня чуў. А дзякуючы таму, што радый, па словах Марыі, можна было выкарыстаць для дабра чалавецтва, гэтым элемэнтам зацікавілася шмат установаў. Нельга забываць, што Марыя й Пётр не атрымалі патэнту на сваё адкрыцьцё, таму масавая вытворчасьць радыя пачалася неўзабаве ў Амэрыцы. А пачалося так, што П'ер пашкодзіў сабе скуру радыем, назіраў за працэсам зажываньня, апісваў ранку. І тады навукоўцы вырашылі, што радый можа лячыць раны на скуры. Так пачаліся першыя спробы лячэньня рака скуры.
Вы сказалі, што яны не атрымалі патэнту на радый, але зрабілі гэта адмыслова, паколькі лічылі, што ўсе павінны карыстацца гэтым адкрыцьцём. А калі б зрабілі патэнт, то былі б вельмі багатыя.
М. Сабешчак-Марціняк: Яны лічылі, што не сканструявалі нічога новага, у сувязі з чым нельга на гэтым нажывацца. А калі аказалася, што радый мае цудоўныя ўласьцівасьці, Марыя вырашыла, што трэба яго даць чалавецтву. Падчас І сусьветнай вайны Марыя пісала, што калі ня можа аддаць свае сілы сапраўднай радзіме, то аддасьць іх другой сваёй айчыне – Францыі. Таксама ўсіх, хто верыў, што вайна можа прынесьці Польшчы незалежнасьць, яна заклікала далучыцца да барацьбы на баку Францыі.
Вернемся яшчэ да Нобэлеўскай прэміі ў галіне дакладных навук – адну ў галіне хіміі, другую – фізыкі. Скажыце, калі ласка, за якія дакладна заслугі яна была адзначана такой прэстыжнай узнагародай?
М. Сабешчак-Марціняк: Першую ўзнагароду яна атрымала ў 1903 годзе разам з мужам і Анры Бэкэрэлем у галіне фізыкі за працу над дасьледваньнем радыеактыўнасьці. Узнагарода была падзелена напалову - палову атрымаў Бэкэрэль, а другую палову сужонства Кюры. Але яны адразу не паехалі атрымаць узнагароду, паколькі ў выніку сваёй працы з небясьпечнымі элемэнтамі і Марыя, і яе муж П’ер вельмі дрэнна сябе адчувалі ў фізычным пляне. Дарэчы, спачатку Марыя не была ўключана ў сьпіс намінантаў, і толькі пасьля пратэстаў П’ера яе далучылі да кандыдатаў на ўзнагароду. Калі б не пачуцьцё справядлівасьці мужа, яна б гэтай прэміі не атрымала.
А другая ўзнагарода была прызнана ўжо выключна Марыі Складоўскай-Кюры. Гэтая прэмія ў галіне хіміі была ёй уручана ў 1911 годзе – роўна 100 гадоў таму.
М. Сабешчак-Марціняк: Другая прэмія ў 1911 г. была прызнана ўжо за яе геній, за яе асабістую працу, за дасьледваньні над радыем. Яна была першай на сьвеце вучонай-жанчынай, якая атрымала Ноблэлеўскую прэмію, і адзінай, хто атрымаў яе ў дзьвюх галінах. Дарэчы, атрыманьне ўзнагароды таксама стаяла пад пытальным знакам, паколькі як-раз у гэтым часе ў Францыі разгарэўся скандал, зьвязаны з рамансам Марыя з яе супрацоўнікам. Адзін з акадэмікаў Швэдзкай акадэміі напісаў ёй ліст, што лепш было б, калі б яна не прыязджала на цырымонію ўручэньня. На што Марыя адказала, што атрымала прэмію не за тое, як жыве, за маральнасьць, а за сваю працу. І не было ў Швэцыі ніякага скандала, а швэдзкія жанчыны зладзілі ў яе гонар урачысты прыём.
Яшчэ некалькі слоў пра асабістае жыцьцё Марыі й П’ера Кюры. Яны пражылі разам звыш 10 гадоў, у вялікай згодзе й каханьні, выхоўвалі дзьвюх дачок. Пасьля трагічнай сьмерці П’ера, які загінуў у дарожнай аварыі, Марыя вельмі доўга пакутавала, але праз 4 гады пасьля сьмерці мужа зьвязалася на нейкі час са сваім супрацоўнікам Полем Ланжвэнам. І гэта выклікала ў Францыі агромны скандал, але асуджалі толькі яе, яго – не.
М. Сабешчак-Марціняк: Францыя была краінай, якая доўгі час не давала жанчынам правоў. Тут гаворка ішла пра абарону пазыцыі мужчын. Тым больш, што яна не была францужанкай, а іншаземкай, першай жанчынай – выкладчыкам ў Сарбоне. Праўда, Акадэмія навук яе не прыняла ў свае шэрагі, але Мэдычная акадэмія прыняла. Так што паступова здаваліся чарговыя бастыёны мужчын.
Дзякуючы сваім дасьледваньням над радыеактыўнымі элемэнтамі Марыя і П’ер сталі слаўнымі, але заплацілі за гэта высокую цану – папсавалі сабе здароўе. Тады яшчэ не было вядома, наколькі шкодны ўплыў могуць аказваць такія элемэнты на чалавека.
М. Сабешчак-Марціняк: У іх, асабліва ў П’ера, былі праблемы з раўнавагай, злазіла скура з рук, у старэйшым узросьце Марыя пачала траціць зрок, перанесла некалькі апэрацый катаракты вачэй, некалькі разоў хварэла на сур’ёзныя хваробы нырак. Але ў выпадку Марыі значна горшы ўплыў на яе здароўе аказала праца падчас І сусьветнай вайны, калі яна зладзіла адмысловыя рухомыя рэнтгенаўскія апараты, з якімі езьдзіла на фронт і рабіла здымкі параненым жаўнерам. Часам працавала толькі ў халаце, часам за нейкім бар’ерам, але й так прыняла на сябе вельмі высокую дозу напраменьваньня. Лічыцца, што белакроўе, ад якога яна памерла, было выклікана менавіта гэтай працай.
Пасьля адкрыцьця радыя навукоўцы не хацелі атрымаць патэнт на сваё адкрыцьцё. Але аказалася, што радый мае цалебныя ўласьцівасьці – можа лячыць ракавыя пухліны. У выніку ён стаў вельмі папулярным таварам, і вельмі дарагім. Парадаксальна, Марыя ня мела сродкаў, каб купіць мэтал для дасьледваньняў. Набыць радый дапамаглі ёй амэрыканцы.
М. Сабешчак-Марціняк: Так, у яе не было радыя, паколькі падчас дасьледваньняў ён выкарыстоўваўся, а не было грошай, каб яго купіць. Тады адзін грам радыя каштаваў каля мільёна франкаў – звыш 100 тыс. даляраў. Ні Марыя, ні Францыя пасьля вайны не маглі сабе дазволіць купляць радый на рынку. Дапамагла ў гэтым амэрыканская журналістка, якая была захоплена Марыяй Складоўскай-Кюры. Яна зладзіла агромную дабрачынную акцыю, у выніку якой удалося сабраць сродкі на адзін грам радыя, які сымбалічна асабіста ўручыў Марыі прэзыдэнт ЗША. Пазьней удалося сабраць грошы на яшчэ адзін грам радыя для Інстытуту радыя ў Варшаве.
Трэба яшчэ сказаць, што старэйшая дачка Марыі Складоўскай – Ірэна Жольё-Кюры – пайшла па сьлядах маці, стала навукоўцам, і таксама атрымала Нобэлеўскую прэмію ў галіне хіміі за сынтэз новых радыеактыўных элемэнтаў. Памерла ва ўзросьце 58 гадоў ад вострай лейкеміі, верагодней за ўсё, у выніку атрыманых дозаў радыяцыі. Другая дачка Эва пераехала жыць у ЗША, была журналісткай, дажыла 103 гадоў.
У Варшаве працуе Музэй Марыі Складоўскай-Кюры, дзе можна ўбачыць, у якіх умовах працавала вучоная над дасьледваньнем радыя, паглядзець фільмы пра яе. Праўда, няма там рэчаў, з якімі працавала Марыя, паколькі яны выдзяляюць высокую радыяцыю, але ўся лябараторная тэхніка зроблена дакладна так, як выглядала 100 і больш гадоў таму. Наведаць музэй у варшаўскім старым горадзе на вуліцы Фрэта, 16, запрашае яго дырэктар Малгажата Сабешчак-Марціняк, якая была госьцем нашай перадачы.
нг