Гішпанскія журналісты змагаюцца за свабоду слова... у прамым сэнсе
Гішпанскія сродкі масавай інфармацыі пратэстуюць супраць прэс-канфэрэнцый, на якіх журналістам не дазваляецца задаваць пытаньні. Пратэст падпісалі буйныя гішпанскія аб’яднаньні журналістаў, выдаўцы ды рэдакцыі, а таксама 10 тыс. прадстаўнікоў згаданай прафэсіі. Пра гэта паведамляе з Барсэлёны карэспандэнтка Польскага радыё.
У асноўным нельга задаваць пытаньні на прэс-канфэрэнцыях палітыкаў ды чыноўнікаў, у якіх зьявіліся праблемы з законам, перш за ўсё абвінавачаньні ў карупцыі. Часта прэс-канфэрэнцыі без пытаньняў ладзяць спартовыя трэнеры, напрыклад, футбольныя, здараюцца й міністры. На такіх сустрэчах зачытваецца толькі кароткая заява. Падпісанты заклікалі калегаў байкаватаць такога роду прэс-канфэрэнцыі, паколькі такая практыка, паводле іх, абмяжоўвае свабоду слова. “У дэмакратычнай краіне не павінна быць маніпуляцыі, а маўчаньне – гэта й ёсьць маніпуляцыя”, напісалі ў звароце журналісты ды выдаўцы. Падпісанты папрасілі падтрымаць акцыю палітыкаў, але яны... маўчаць.
вс