http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=155712

Запрашаем у Польшчу: незнаёмы Беласток

20.05.2011

Думаю, што горад Беласток добра вядомы нашым слухачам ды ўвогуле беларусам, якія часта прыяжджаюць сюда на закупы. Гандлёвыя туры пачаліся ў канцы 1980-х гадоў і працягваюцца па сёньняшні дзень. Але варта на Беласток зірнуць з крыху іншага боку, гістарычна-турыстычнага. А паглядзець ёсьць што, бо гэта горад з багатай гісторыяй і традыцыямі, месца перапляценьня многіх культур. 

На днях у Беластоку адчынены чатыры новыя шляхі для турыстаў: па сьлядах Браніцкіх – вядомага роду польска-літоўскіх магнатаў, па сьлядах беластоцкіх фабрыкантаў, драўлянай архітэктуры ды храмах розных канфэсій. Агульная назва турыстычнай праграмы – “Беласток многіх веравызнаньняў”.
У рамках новых шляхоў гарадзкія ўлады ўсталявалі каля 40 новых дошак ды інфармацыйных табліцаў, якія зьмяшчаюць дадзеныя пра гісторыю будынку альбо аб’ект. Акрамя таго, падрыхтаваныя новыя фольдэры, гід ды сайт.

Так, турыстычны шлях па сьлядах Браніцкіх – гэта палац роду ў Беластоку – найбольш вядомы архітэктурны аб’ект гораду, беластоцкая жамчужына. Акрамя таго, на шляху знаходзіцца фарны касьцёл, дзе пахавана сэрца Яна Клемэнса Браніцкага, ды летняя рэзыдэнцыя магнатаў у мясцовасьці Хорашч каля Беластоку.

Непасрэдную сувязь са шматкультурнасьцю Беластока й рэгіёна мае шлях па сьлядах храмаў розных веравызнаньняў. Турыст атрымае магчымасьць пазнаёміцца зь беластоцкімі касьцёламі ды цэрквамі, у тым ліку з праваслаўнай царквой Прамудрасьці Божай. Яна зьяўляецца паменшанай копіяй царквы сьвятой Сафіі ў Стамбуле (альбо інакш Канстантынопалі). Акрамя таго, на шляху – мусульманскі малітоўны дом ды будынак былой сінагогі.

Іншы шлях – гэта аб’екты, якія ў мінулым былі ўласнасьцю беластоцкіх фабрыкантаў. Гэта, у прыватнасьці, шаўкова-прадзільная фабрыка Бэкера, будынак былой тытунёвай фабрыкі Файвала Яноўскага, а таксама былое прадпрыемства, дзе даўней выраблялі капялюшы ды тавары з воўны.

Калі ж казаць пра турыстычны шлях, прысьвечаны драўлянай архітэктуры Беластока, то гэта перш за ўсё найстарэйшы раён гораду Баяры й габрэйскі – Ханайкі. Да сёньняшняга дня захавалася некалькі будынкаў з канца 19-га стагодзьдзя, а таксама гмахі зь міжваеннага пэрыяду.

Акрамя гэтых чатырох шляхоў, у Беластоку ўжо існуюць іншыя, напрыклад, прысьвечаны архітэктуры Польскай Народнай Рэспублікі, габрэйскай спадчыне ці кулінарным асаблівасьцям беластоцкай зямлі. Такім чынам, запрашаем пазнаёміцца зь Беластокам у іншым ракурсе, і напэўна адчыніце для сябе зусім іншы горад – прыцягальны ды арыгінальны.

вс