http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=155717

Багданкевіч: Давялі да поўнай ручкі

20.05.2011

Група незалежных экспэртаў пад кіраўніцтвам былога старшыні Нацбанка Станіслава Багданкевіча падрыхтавала антыкрызысную праграму для аздараўленьня эканомікі. Экспэрты гавораць, што найперш трэба нармалізаваць грашова-валютны рынак і абавязкова аднавіць адзіны валютны курс, сыходзячы з попыту й прапановы, што існуюць на рынку.

Падчас абмеркаваньня няпростай сытуацыі ў эканоміцы, зь якой сутыкнуліся ўсе суб’екты гаспадараньня, былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч сказаў, што карані праблемы на валютна-фінансавым рынку бачыць у выбудаванай сыстэмею

С. Багданкевіч: Давялі да поўнай ручкі – сёньня хаос на спажывецкім рынку, па ўсіх накірунках галапіруючы рост цэн. Мы хвалімся, што ў нас укладзеныя аграмадныя рэсурсы ў сельскую гаспадарку. Але якую бульбу мы набываем? З Афрыкі! І гэтак далей. У нас скрайне не разьвіты ўнутраны рынак, які базуецца на ўласных рэсурсах. Пасьля сыходу ад Савецкага Саюзу наша эліта паставіла галоўную задачу – захаваць структуру дзяржуласнасьці. І мы хвалімся, што захавалася буйная дзяржуласнасьць. А што для народа – гэта добра ці кепска? Палякі разбурылі й маюць сярэдні заробак у 1300 даляраў. Мы не разбурылі й мелі віртуальныя 500 даляраў, а цяпер 300, ну, мы не разбурылі, і што?

Прадпрымальнік: На пытаньне хто вінаваты я магу сказаць: вінаватая нашая калгасная сыстэма. 90 % крамаў Менска працуюць праз чорныя касы. Людзі сядзяць на акладах у мільён рублёў, а ўвесь тавар прапускаюць праз чорныя, шэрыя схемы. Ім гэта выгадна. Адзіны выхад з гэтага заганнага кола, на мой погляд, перадаць усё ў прыватныя рукі. Гавораць, што бескантрольная эмісія грошай - Нацбанк даў рэсурс камэрцыйным банкам правесьці пасяўную, уборачную кампанію – вядзе да дысбалансу паміж рублёвай валютнай, таварнай масай на рынку. Так, на 1 студзеня 2010 года пазыкі камэрцыйных банкаў, Нацбанку складалі 8 трыльёнаў, а на 1 студзеня 2011 года – 28 трыльёнаў рублёў.

Станіслаў Багданкевіч: Эмісійны банк Беларусі абвінавачваць нельга, бо асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі зацьвердзіў кіраўнік дзяржавы.

Міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, Беларусь узгадніла з Масквой праграму эканамічных рэформаў, што адкрывае перад беларускімі ўладамі магчымасьць атрыманьня крэдыту па лініі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Пакуль гаворка вядзецца аб атрыманьні 3 млрд даляраў па 1 млрд штогод у 2011–2013 гадах.

Станіслаў Багданкевіч: Крэдытная дапамога рэжыму Лукашэнкі ад Расеі дапаможа ў нейкай ступені стабілізаваць сытуацыю, калі тое, пра што ён заяўляў, мы атрымае цягам мая-чэрвеня.

Старшыня «Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў» Уладзімір Карагін падкрэсьлівае, што для бізнэсоўцаў, прадпрымальнікаў вельмі важна прадказальнасьць эканамічных умоў. Гэтага няма. А цяпер сытуацыя ўвогуле ў крытычным стане.

Уладзімір Карагін: Адчыніўся “Прамысловы форум”. Я сустрэўся з 15-цю дырэктарамі прадпрыемстваў. Усе яны зьвязаныя з мэталапрацоўкай. Кожны падыходзіць і гаворыць: “Вось мая сытуацыя, што мне рабіць?”. Я ўпершыню ў жыцьці ня ведаю што ім адказаць! Яны ня ведаюць, бо ім трэба набываць камплектуючыя. Курс валюты да сямі тысяч, гэта будзе ў складзе цаны, а за такую цану ніводнае прадпрыемства ня можа адправіць прадукцыю.

Былы мэр Жлобіна Марат Афанасьеў гаворыць, што чыноўнікі проста ня хочуць браць на сябе нейкую адказнасьць, ініцыятыву: Я занёс некалькі лістоў у выканкам, яны ўсе сядзяць і чытаюць. Потым пытаюцца, а хто гэта ўсё будзе рабіць? Я кажу: “Дык а вы? Вы ж работнікі выканкама, вы ж мусіце гэта арганізоўваць!”. Адварочваюцца, апускаюць галовыйі кажуць: “Неее, у нас нічога не атрымаецца. Паступіць каманда, будзем рабіць, не паступіць – не. Мы ж людзі паднявольныя”. Пэрспэктыва бязрадасная. Усе спробы мае даць прапановы – наце, рабіце, дапамагу, мне ж нічога ад вас ня трэба, я ўжо наеўся й цяпер у адпачынку бестэрміновым, але нікому нічога не трэба.

Станіслаў Багданкевіч: Не разумею, чаму яны застылі, чаму такая прастрацыя, чаму ніхто нічога ня робіць! Відаць, такі апарат падабраны першай асобай, паслухмяных выканаўцаў, якія волі ня маюць нешта адстойваць, прапановы рабіць. Па таму ж Нацбанку – там мае калегі, граматныя людзі, там нямала спэцыялістаў сярэдняга зьвяна, якія дысэртацыі абаранілі. Але рыба гніе з галавы. Загнілася вярхушка...

У антыкрызыснай праграме ёсьць прапановы аб скарачэньні дзяржвыдаткаў, агульны аб'ём якіх плянуецца 30% ВУП, скарачэньні ПДВ з 20 да 17%, падатак на прыбытак - з 24% да 20%. Каб зрабіць краіну прывабнай для інвэстараў прапануецца зьнізіць падатковую нагрузку, а агульны дзелавы клімат зрабіць прадказальным і празрыстым.


Марыя Кароль