Два апошнія гады сталі пераломным момантам у працэсе інтэграцыі паміж былымі савецкімі рэпублікамі, заявіў у Менску Ўладзімер Пуцін на паседжаньні прэм’ер-міністраў краін ЭўрАзЭС і СНД.
Уладзімер Пуцін: Я вельмі добра памятаю, як мы размаўлялі, размаўлялі й практычна нічога не адбывалася. На сёньняшні дзень сытуацыя якасна зьмянілася.
Гаворачы пра паскарэньне інтэграцыйных працэсаў, Пуцін меў на ўвазе стварэньне Мытнага зьвязу Расеі, Беларусі й Казахстану. Расейскі прэм’ер запрасіў далучыцца да гэтай структуры іншыя былыя савецкія рэспублікі.
Падчас паседжаньня беларускі прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч падзякаваў Пуціну за дапамогу ў атрыманьні крэдыту, на які Беларусь чакае з антыкрызыснага фону ЭўрАзЭС.
Міхаіл Мясьніковіч: Мы ўпэўненыя, што ў хуткім часе Беларусь выйдзе на рэальны курс нацыянальнай валюты на аснове попыту й прапановы, ачышчаных ад спэкуляцыйных дэвальвацыйных чаканьняў.
Аднак Мясьніковіч не ўдакладніў, якім мае быць рэальны курс беларускага рубля.
Рашэньне па справе выдзяленьня Беларусі крэдыту ў памеры каля 3 мільярдаў даляраў з тэрмінам сплаты на тры гады павінна быць прынятае 4 чэрвеня.
Тым часам галоўны эканаміст Эўрапейскага банку рэканструкцыі й развіцьця Эрык Бэрглаф выказаў сумнеў адносна таго, што СНД і Расея змогуць аказаць дастатковую фінансавую падтрымку Беларусі для вырашэньня яе праблем. Пра гэта экспэрт заявіў сёньня ў Астане падчас штогадовага паседжаньня рады кіраўнікоў ЭБРР.
“Было б ілюзорным лічыць, што ўліваньне дадатковых сродкаў у эканоміку Беларусі зьменіць яе фундамэнтальныя праблемы,” — заявіў Бэрглаф. “Трэба прынцыпова мяняць падыход да эканомікі і ўносіць зьмены ў палітычную сыстэму,” — лічыць галоўны эканаміст ЭБРР.
кр/ ПР