http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=155723

Абама: Палестына павінна быць абвешчаная ў межах 1967 года

20.05.2011

Устанаўленьне ізраільска-палестынскай мяжы паводле ўзору 1967 года зьяўляецца адным з прынцыпаў аднаўленьня перамоваў аб мірным урэгуляваньні, заявіў прэзыдэнт ЗША Барак Абамы падчас прамовы, прысьвечанай сытуацыі на Блізкім Усходзе й Паўночнай Афрыцы. У Эўропе заяву амэрыканскага прэзыдэнта ўспрынялі з энтузіязмам, Ізраіль і Палестына – неадназначна.

У 1949-1967 гадах тэрыторыя Палестыны ўключала ў сябе Заходні бераг ракі Іярдан, Усходні Ерусалім і Сэктар Газа. Разам з тым прэзыдэнт ЗША дапускае магчымасьць тэрытарыяльных абменаў паміж палестынцамі й Ізраілем, паўмільёна грамадзян якога жывуць на акупаваных землях.

“Палестынцам патрэбнае права на ўласную дзяржаву і ўрад” – заявіў Барак Абама. Другой умовай мірных перамоваў ён назваў права кожнай дзяржавы на абарону ўласнай тэрыторыі.

Народы Блізкага Ўсходу й Паўночнай Афрыкі павінны “ўзяць справы ў свае рукі” – сказаў Абама. 

Б. Абама: Падставай стварэньня ЗША была вера ў тое, што людзі павінны самі вырашаць своё лёс. Сёньня мы не павінны сумнявацца ў тым, каб стаць на бок змагароў за свае правы, ведаючы, што іх посьпех прынясе лепшы сьвет – больш спакойны, стабільны й справядлівы.

Заяву Абамы падтрымала Кэтрын Эштан. А сёньня амэрыканскага прэзыдэнта падтрымалі кіраўнікі МЗС Польшчы, Францыі й Нямеччыны. Пра гэта міністры замежных спраў заявілі на прэс-канферэнцыі ў польскім горадзе Быдгашч, дзе праходзіць іх сустрэча ў рамках арганізацыі "Вэймарскі трохкутнік".

Р. Сікорскі: Барак Абама зрабіў тое, да чаго Эўропа яго даўно заклікала. І сёньня, калі ён гэта зрабіў, мы выказваем сваю падтрымку.

У Ізраілі й самой Палестыне словы Абамы раскрытыкавалі. Тэль-Івіў лічыць умовы ЗША непрымальнымі, а Рамала незадаволеная тым, што ў сваёй прамове Абама паабяцаў Палестыне замала.

Прэм'ер-міністр Ізраіля Бэньямін Нэтаньяху будзе сёньня дамагацца ад Барака Абамы прызнаньня немагчымасьці палестына-ізраільскага разьмежавання па лініі 1967 года. Ізраільскі прэм’ер лічыць яе непрыдатнай для абароны й неадпаведнай дэмаграфічным рэаліям.

На сустрэчы з Абамам прэм'ер-міністр таксама плянуе гаварыць аб немагчымасьці вяртаньня мільёнаў палестынскіх уцекачоў у межы сучаснага Ізраіля, неабходнасьці захаваць ізраільскую ваенную прысутнасьць на зьнешніх межах будучай палестынскай дзяржавы, дамагчыся ад палестынцаў прызнаньня Ізраіля нацыянальнай калыскай габрэйскага народа.

У сваю чаргу кіроўны ў Сэктары Газа ісламісцкі рух “Хамас” раскрытыкаваў прамову Абамы. "Мы не пачулі нічога новага. У гэтай прамовы быў паўтор ранейшай пазыцыі ЗША, якая ігнаруе правы палестынскага народа, яго права на вяртаньне бежанцаў і на вяртаньне Ерусаліма”, - заявіў афіцыйны прадстаўнік “Хамасу” ў Сэктары Газа Ісмаіл Радван.

Адзначым, калі ў 1948 годзе ў Палестыне завяршылася брытанскае кіраваньне, Генасамблея ААН прыняла рашэньне стварыць тут дзьве дзяржавы: габрэйскую й арабскую. Першае атрымала назву Ізраіль, а другая да гэтага часу не стала палітычнай рэальнасьцю.

У 1967 годзе ў выніку перамогі ў Шасьцідзённай вайне Ізраіль атрымаў кантроль над Заходнім берагам ракі Іярдан, Усходнім Ерусалімам, Сэктарам Газа, Сінайскім паўвостравам і Галанскімі вышынямі. Сінайскі паўвостраў быў вернуты Ізраілем Эгіпту ў 1979 годзе ў выніку заключэньня ізраільска-эгіпецкай мірнай дамовы. Астатнія тэрыторыі да гэтага часу знаходзяцца пад кантролем Ізраіля.

дг