http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=155788

Станіслаў Багданкевіч: мільярд хутка праядуць

22.05.2011

1 млрд. даляраў, які Беларусь разьлічвае атрымаць з Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС, пойдзе „на праяданьне”, лічыць былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.

„Нам трэба сёньня стабілізаваць валютны рынак, а гэта значыць, што нам не патрэбныя крэдыты на праяданьне”, – сказаў Багданкевіч.

Кіраўнік Мінфіна Расеі Аляксей Кудрын 19 траўня ў Менску, тлумачачы ўмовы выдзяленьня Беларусі крэдыту, заявіў, што пазыковыя сродкі неабходна накіраваць на папаўненьне золатавалютных рэзэрваў.

 „Мы ня хочам, каб гэтыя грошы траціліся. Большая частка іх павінна пасьля паслужыць павелічэньнем золатавалютных рэзэрваў. Дэфіцыт плацёжнага балянсу павінен зьніжацца, а назапашаныя сродкі павінны стаць падстрахоўкай для будучыні", – адзначыў Кудрын.

 „Калі ў нас 2,5 млрд. даляраў перавышэньне імпарту над экспартам, з чаго залічаць у золатавалютныя рэзэрвы? Трэба аплочваць імпарт. Таму грошы пойдуць у тую ж Расею на аплату пастаўляемага ёю газу, сыравіны, камплектуючых”, - лічыць былы кіраўнік Нацбанку Беларусі.
Пытаньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту будзе разглядацца 4 чэрвеня ў Кіеве на пасяджэньні Антыкрызыснага фонду ЭўрАзЭС.

Багданкевіч мяркуе, што ў выпадку станоўчага рашэньня Беларусь атрымае крэдыт ужо ў чэрвені.

svaboda.org/аз