Над уваходам у адзін з будынкаў горада Кракава вісіць шыльда: «Нацыянальны музэй. Філіял імя Эмэрыка Чапскага». Здаецца, што тут асаблівага? Хіба мала ў Кракаве музеяў? Аднак каля гэтага міжволі спыняеш хаду. Раскошны музэй старажытнасьцяў створаны нашым земляком, графам са Станькава Эмэрыкам Чапскім.
Граф Эмэрык пры жыцьці быў адным з самых паважаных людзей у навакольлях Менска. А пасля сьмерці нечакана стаў аб’ектам для народнай творчасці. Пакаленьне, якое нарадзілася адразу пасьля рэвалюцыі й сапраўдных паноў ужо не бачыла, насачыняла пра Чапскага анекдотаў, якія пазней трапілі ў шматлікія зборнікі народных легенд і паданьняў. Самы вядомы з іх – пра Станькаўскае дрэва Каханьня, якое нібыта разам з двума іншымі – Верай і Надзеяй – стварыў у графскім парку закаханы ў жонку Чапскага садоўнік. Раўнівы граф быццам бы загадаў прыкаваць свайго садоўніка ланцугамі да вялізнага валуна, які знаходзіўся ў парку, і забараніў даваць яму ежу й ваду…
Ці сапраўды Чапскі быў такім дзіўным чалавекам, як яго прадстаўляюць народныя легенды?
Рэальны Чапскі вельмі зьдзівіўся б, даведаўшыся пра тое, што прыпісала яму народная фантазія. Ён быў гэтак жа не падобны на станькаўскага раўніўца з паданьня, як не падобна летняе зацішша на восеньскую навальніцу. І з жонкай сваёй, пані Альжбэтай, у графа заўжды былі лад і паразуменьне. Іх моцна трымала адно каля аднаго ўзаемнае захапленьне гістарычнымі рарытэтамі. Уладар маёнтка Станькава стаў калекцыянэрам яшчэ падчас вучобы ў Віленскай гімназіі. Адзін з яго сучасьнікаў адзначаў:
«Яшчэ вучань, ён пачаў з энтузіязмам зьбіраць манэты й рыцца ў айчынных кнігах». Чапскі хутка дасягнуў у сваім захапленьні такіх посьпехаў, што амаль адразу пасьля заканчэньня Віленскага ўнівэрсытэта быў прыняты ў Рускае архэалягічнае таварыства. Аднак асноўным сваім заняткам выбраў не навуку, а дзяржаўную службу.
Пачаў яе ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Давялося шмат паезьдзіць па краіне з інспэктарскімі праверкамі. І паўсюль Чапскі спалучаў службовыя абавязкі з пошукам і набыцьцём рарытэтаў. Калекцыю старажытнасьцяў, якая хутка павялічвалася, граф захоўваў у сваёй кватэры ў Санкт-Пецярбургу і ў родавым Станькаве. У 1854 годзе Эмэрык ажаніўся з дачкой вядомага вучонага й падарожніка барона Ежы Гутэна – Альжбэтай. Маладая жонка, нечакана для сужонца й нават для сябе самой, таксама «захварэла» калекцыянаваньнем і ператварылася ў дасьведчаную захавальніцу набыткаў мужа. У 1856 годзе Чапскага накіравалі на інспектаваньне ваенных паселішчаў і шпіталяў у паўднёвых правінцыях Расейскай імпэрыі, Крыму й Прыазоўя. Саноўны інспэктар між справамі шукаў і набываў старадаўнія кнігі, манэты, зброю, іконы. У 1863 годзе Эмэрык быў назначаны губэрнатарам Ноўгарада, і яго калекцыя папоўнілася экспанатамі з Паўночнага Захаду Расеі. Праз пэўны час сям’я Чапскіх перабралася ў Санкт-Пецярбург. Граф стаў віцэ-губэрнатарам расейскай сталіцы. І гэтая высокая пасада дадала магчымасьцяў папоўніць калекцыю. Каля 1874 года Чапскі пачаў рэканструкцыю свайго маёнтку ў Станькаве. У гэты час ён займаў пасаду дырэктара Ляснога дэпартамэнту Расеі.
Хоць лёс кідаў Чапскага ў розныя куткі зямлі, то ўсё ж такі ён вярнуўся ў роднае Станькава, і там стварыў калекцыю ўніклаьных рэчаў, якія зьбіраў гадамі.
Выкананьне службовых абавязкаў патрабавала шмат часу, і таму рэканструкцыя родавага гнязда зацягнулася на доўгія гады. Аднак ён здолеў давесьці яе да канца, стварыўшы цудоўны палаца-паркавы ансамбль. Больш чым восемь тысяч дрэў і кустоў абкружылі вабны аднапавярховы палац з вежай у два ярусы. Паклапаціўся граф Эмэрык і пра будынак для сваёй багатай калекцыі. Ён уяўляў сабой мініяцюрны сярэднявечны замак з чатырма вуглавымі вежамі. Будынак, які адразу ж атрымаў назву «скарбончык», злучылі з палацам падземным пераходам. Менавіта тут разьмясціў гаспадар Станькава ўнікальныя экспанаты, здабытыя напрацягу многіх гадоў: гістарычныя малюнкі, гравюры, старадаўнія карціны, іконы, партрэты, старую зброю, посуд, шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, архэалягічныя й геалягічныя рэдкасьці. Асабліва каштоўнымі былі нумізматычная калекцыя (каля 11 тысяч манэт і мэдалёў) і бібліятэка, якая налічвала 20 тысяч тамоў. Сярод гэтых кніг знаходзіліся такія рарытэты, як Брэсцкая Біблія, першадрукі, рукапісы Станіслава Манюшкі, Адама Міцкевіча, Канстанціна й Яўстафія Тышкевічаў. Чапскі памёр у 1896 годзе ў Кракаве, дзе ён таксама меў уласны дом.
Сьмерць яго была нечаканай і бязглуздай. Дантыст, які лячыў зуб графу, занёс інфекцыю… Удава Эмэрыка, пані Альжбэта, паставіла сабе за мэту сыстэматызаваць і зрабіць падрабязны каталёг усіх каштоўнасьцяў калекцыі мужа. Таксама яна прасачыла, каб зьдзейснілася мара Чапскага, які жадаў, каб калекцыя яго стала ўсеагульнай уласнасьцю. Музэй скарбаў, сабраных Эмэрыкам, быў адчынены ў падараваным Альжбэтай Кракаву палацы Чапскіх. Сама гаспадыня Станькава дажыла да 1916 года. Памерла яна ў Менску.
aк