http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=155863

Някляеў: масавыя акцыі пратэсту чакаюцца восеньню

23.05.2011

Цяпер, паводле яго слоў, трэба вызначыцца з фарматам перамоў і паспрабаваць разам выбрацца са складанай эканамічнай і палітычнай сытуацыі, што склалася ў краіне. Экс-кандыдат у прэзыдэнты заявіў, што сыходзіць зь вялікай палітыкі ён не зьбіраецца.

Уладзімeр Някляеў: Ёсьць сытуацыі, калі мы становімся закладнікамі тых ці іншых нашых дзеяньняў, учынкаў, рашэньняў. Я – не выключэньне. Пасьля таго, як мяне падтрымалі, чаго я, паэт, што толькі трапіў у палітыку, не чакаў, я проста ня маю права сысьці, пакінуць людзей. Я не кажу, што без мяне яны загінуць, кожны выплыве самастойна з мора, якое штарміць, але я насамрэч ня маю права сказаць “Прабачце, я зрабіў усё, што мог. Астатняе хай даробіць нехта за мяне”. Значэньне слова “пакінуць” было б раўназначнае слову “здрадзіць”.

Бліжэйшым часам кампанія “Гавары праўду” зьвернецца да працы з насельніцтвам. Някляеў заявіў, што,  паводле меркаваньняў аналітычнай групы, да сацыяльнага выбуху засталося паўгода. І да гэтага трэба рыхтавацца. Такім чынам кампанія “Гавары праўду” зробіць акцэнт на тлумачэньні прычын паміж палітычнай і эканамічнай сытуацыяй у краіне.

Уладзімер Някляеў: Людзі ня зьвязваюць у сваёй сьвядомасьці чэргі ў абменьніках, чэргі па крупы, па соль з тым, што ёсьць у палітыцы – з палітзьняволенымі, з палітычнымі рашэньнямі, што прымаюцца апошнім часам уладамі. Нават улады ня толькі па ідэалягічных прычынах адно з адным не зьвязваюць, а таму, што насамрэч думаюць, што так ёсьць. Улады да гэтай пары падзяляюць фінансавы й эканамічны крызыс, быццам не з гэтага нарадзіўся апошні. Не магу сказаць, што за два дні мы навыдумлялі некалькі праектаў. Пралічыўшы разьвіцьцё сытуацыі мы прыйшлі да высновы, што недзе паўгода засталося да першых істотных сацыяльных выбухаў. Значыць трэба да гэтага рыхтавацца, а не рабіць выгляд, што ў нас усё добра. У гэтай стабільнай краіне трэба стварыць нейкую сацыяльную праграму, стабілізацыйную, каб мінімізаваць тое, што нас чакае не пазьней за глыбокую восень.

Крыху зьмяняецца ідэалёгія кампаніі “Гавары праўду”. Пра гэта гаворыць адзін з каардынатараў кампаніі Сяргей Вазьняк.

Сяргей Вазьняк: Калі да верасьня мінулага года “Гавары праўду” была практычна сацыяльная, асьветніцкая кампанія, то цяпер пасьля таго, што адбылося 19 сьнежня, узмоцніцца палітычны складнік. Людзі не разумеюць, што чэргі за грэчкай, крупамі, у абменьнік – вынік таго, што ў краіне ёсьць палітвязьні, што не вырашаныя праблемы дэмакратыі ў краіне.

Лідэр кампаніі выказаў падзяку ўсім, хто салідарны з Беларусьсю, хто падтрымліваў і дамагаўся вызваленьня палітычных вязьняў.

Паэт і экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў расказаў кранальную гісторыю, што здарылася зь ім у СІЗА КДБ, і якая пераканала яго, што збольшага дзеяньні былі слушныя, а віны за сабой ён ня мае.

Уладзімер Някляеў: Вельмі ўдзячны фінам, швэдам, амэрыканцам, немцам і ўсім, хто зрабіў так, што я цяпер сяджу перад вамі. Без гэтага нас ніхто б ня выпусьціў. Вы не ўяўляеце, якое шаленства было ў першыя дні й нават тыдні. Я не думаў, што людзі так могуць ад страху шалець. Яны баяліся больш за нас, бо іх штодня некуды цягалі, “накачвалі” – “вы там гэтых бандытаў!...”. Было адчуваньне, што насамрэч завядуць у тыя сутарэньні, куды хадзілі ў 30-ыя гады і ўсіх пакладуць зь пісталета. І нічога ж ня ведаеш што за сьценамі. Я разумеў, што нешта мусіць адбывацца, ня могуць жа нас кінуць, быццам нас і няма. Але такой падтрымкі не чакаў, таму вялікі-вялікі ўсім дзякуй.
25-га сьнежня я дзяжурыў па камэры. У абавязкі ў тым ліку ўваходзіла выносіць сьмецьцевае вядро. Адчыняюцца дзьверы, “Мусор!!!”, мат-перамат, хапаеш вядро і нясеш з яго выкідваць сьмецьце. Туалет быў праз сьценку, халодны замерзлы – сарцір армейскі. Інфармацыі ж не было, адключылі ўсё – ні тэлебачаньня, ні газэт. І вось я пабачыў у туалеце абрывак газэты, ужо скарыстаны па прызначэньню. І такая прага хоць нешта даведацца. Я нахіліўся і на жоўта-размытым фоне напрыканцы было напісана “Трымайся, Валодзя. Твой брат, Яўгеній Яўтушэнка”. У мяне горла перахапіла. Я адразу ўспомніў “Когда б вы знали, из какого сора растут стихи, не ведая стыда...”. Вось яно ўсё ў рэальнасьці. Гэты дзень, гэтая ноч сталі апошняй, калі я сумняваўся ў турме КДБ у тым што зрабіў. Мне гаварылі: “З-за цябе людзі адзін аднаго падавілі, ледзь ня сотня трупаў. Вораг народа”. А нічога ж ня ведаеш, і думаеш можа й праўда гэта. І я падумаў, калі б гэта было, то Яўгеній Яўтушэнка, які перажыў кучу “геніяльных” сакратароў і прэзыдэнтаў і застаецца вялікім рускім паэтам, не напісаў бы мне ліст у турму. І не трэба мне, як казаў мой бацька, дурыць галаву.

Марыя Кароль