http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=155911

Польскія беларусы ў сьпісах “неўязных” у Беларусь

24.05.2011

Яўген Вапа, старшыня беларускага Радыё Рацыя, галоўны рэдактар тыднёвіка “Ніва” і старшыня Беларускага аб’яднаньня ў Польшчы, трапіў у сьпіс неўязных у Беларусь. Беларуская амбасада не гатова патлумачыць прычыны гэтага кроку.

У апошнія месяцы СМІ неаднаразова інфармавалі пра факты выдаленьня альбо адмове ўезду ў Беларусь замежных грамадзянаў. Гэта датычылася грамадзянаў Расеі, Украіны, Нямеччыны і Польшчы, сярод якіх былі студэнты, праваабаронцы, грамадзкія дзеячы, палітыкі.

У большасьці выпадкаў не ўезд ці выдаленьне зь Беларусі адбывалася па прычыне знаходжаньня той ці іншай асобы ў “сьпісе неўязных”. Прычым афіцыйны Менск даволі доўга адмаўляў наяўнасьць гэтага сьпісу.

На днях у чарговы раз пацьвердзілася існаваньне гэтага сьпісу. У панядзелак 23-га траўня беларускія памежнікі анулявалі візу ды забаранілі ўезд на тэрыторыю Беларусі вядомаму грамадзкаму дзеячу, страшыні Радыё Рацыя, Яўгену Вапе. Гэта вельмі непрыемны крок з боку беларускіх уладаў, зазначае Яўген Вапа.

Яўген Вапа: Раней у мяне былі аднаразовыя візы, па якіх я езьдзіў у Беларусь. Некаторы час цягам двух-трох год мне не давалі візы. У мінулым годзе я  атрымаў гадавую службовую візу. Калі я атрымаў візу, я быў усьцешаны. Чалавек, які зьвязаны з Беларусьсю, з духоўнай Бацькаўшчынай, хоча туды езьдзіць. 

Уключэньне кіраўніка Радыё Рацыя ў сьпіс неўязных – гэта сьведчаньне таго, што беларускія ўлады баяцца незалежнай інфармацыі, -- падкрэсьлівае Яўген Вапа.

Яўген Вапа: Я зьвязваю гэта з тым, што беларускае Радыё Рацыя, якое вяшчае з Беластоку і Белападляскі, зьяўляецца сапраўдным ды незалежным СМІ, якое дае беларускаму грамадзтву альтэрнатыўную інфармацыю. Іншых прычын я не бачу. Гэта вельмі сумна.

Беларускія памежнікі матывавалі сваё рашэньне тым, што Яўген Вапа нібыта ўнесены ў сьпіс неўязных у Беларусь. За падрабязнасьцямі яны казалі зьвяртацца ў амбасаду Рэспублікі Беларусь у Польшчы. Прэсавы сакратар Амбасады Аляксей Зелянко адмовіўся тлумачыць прычыны, кажучы, што гэта сувэрэннае права дзяржавы вырашаць каго пускаць на сваю тэрыторыю.

Аляксей Зелянко: Беларусь, як сувэрэнная дзяржава, мае права вырашаць каго ўпускаць на сваю тэрыторыю, а каго не ўпускаць без тлумачэньня прычынаў. У дадзеным выпадку я не гатовы назваць прычыны адмовы Яўгену Вапе ва ўезьдзе ў Беларусь. Я хачу адзнчыць, што ініцыятыва ў абмежаваньні кантактаў належыць не беларускаму, а польскаму боку.

Беларускія ўлады неаднаразова казалі пра тое, што яны рыхтуюць адказ на санкцыі ЭЗ, які забараніў уезд на сваю тэрыторыю беларускім дзяржслужбоўцам адказным за палітычныя рэпрэсіі. Менск у адказ увёў свай сьпіс непажаданых асобаў.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч