http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=155976

ЗША ўвялі санкцыі супраць "Белтэхэкспарту" й "БелОМА"

25.05.2011

Злучаныя Штаты Амэрыкі ўвялі санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў "БелОМА" і "Белтэхэкспарт", паведаміў БелаПАН.

Як вынікае з паведамленьня сайта Дзярждэпартамэнта ЗША, падставай для ўвядзеньня санкцый стала "надзейная інфармацыя", якая ўказвае на тое, што гэтыя кампаніі перадавалі ў Іран, Паўночную Карэю ці Сырыю, або атрымлівалі з гэтых краін

"абсталяваньне й тэхналёгію, названую ў сьпісах кантролю за шматбаковым экспартам, <...> або іншым чынам мелі магчымасьць зрабіць матэрыяльны ўнёсак у зброю масавага зьнішчэньня ці сыстэмы крылатых і балістычных ракет.

Сутнасьць санкцый у тым, што ўрадавыя ведамствы ЗША на працягу двух гадоў ня могуць набываць у згаданых кампаній або пастаўляць ім тавары й паслугі, а таксама аказваць ім падтрымку.

Апрача двух беларускіх прадпрыемстваў, пад санкцыі ЗША трапілі тры кітайскія кампаніі, пяць іранскіх, адна паўночнакарэйская, дзьве сырыйскія й  адна вэнэсуэльская. Генэральны дырэктар кампаніі “Белтэхэкспарт” Ігар Семерыкоў адмовіўся камэнтаваць БелаПАН увядзеньне санкцый. 

На думку ваенных аналітыкаў, санкцыі ЗША носяць хутчэй іміджавы характар і не нанясуць істотнага ўрону прадпрыемствам.