Тэрарыстычныя пагрозы ды гвалтоўныя масавыя пратэсты сталі асноўнымі фактарамі канфліктнасьці сёлета. Гэта вынікае з гадавой справаздачы міжнароднай арганізацыі “Інстытут эканомікі й міру”. Беларусь у рэйтынгу 153 краінаў займае 112 месца й адно з апошніх месцаў ва Ўсходнеэўрапейскім рэгіёне. Няўжо Беларусь зьяўляецца найбольш канфліктовай краінай у рэгіёне?
Міжнародныя ды ўнутраныя канфлікты, бясьпека й грамадзкі мір, мілітарызацыя ды павага да правоў чалавека, - гэтыя ды іншыя аспэкты асьвятле гадавая справаздача “Індэкс глябальнага міру” міжнароднага Інстытуту эканомікі й міру.
У гэтым годзе аўтары зазначаюць рост канфліктнасьці ва ўсім сьвеце. Асноўныя прычыны – безупынная вайна з тэрорам, якая не прынесла пазытыўных эфэктаў, масавыя гвалтоўныя пратэсты ў шэрагу краінаў сьвету. Аўтары гэтай публікацыі назвалі іх – “Арабскай вясной народаў”. Нэгатыўна на ўзровень глябальнага міру паўплывала таксама эканамічная нестабільнасьць у шэрагу эўрапейскіх краінаў (Грэцыі, Італіі, Гішпаніі, Партугаліі ды Ірляндыі). Паводле міжнародных дасьледчыкаў, эканамічны кошт глябальных канфліктаў у мінулым годзе дасягнуў 8,12 трыльёнаў даляраў.
Больш падрабязна пра “Індэкс глябальнага міру” распавядае Стыў Кілелеа, старшыня Інстытут эканомікі й міру.
Стыў Кілелеа: “Індэкс глябальнага міру” мерае ўзровень гвалту ва ўсім сьвеце на падставе 23 індыкатараў, якія й вызначаюць зьнешную ды вонкавую міралюбівасьць асобных краінаў. У гэтым годзе падзеньне індэксу міру зьвязана перад усім з канфліктам паміж грамадзянамі ды ўрадамі, а не са зьнешнімі стасутнакамі паміж рознымі краінамі. Народы павінны знайсьці іншы шлях да вырашэньня канфліктаў без выкарыстаньня прымусы й гвалту. Нягледзячы на дэкаду вайны з тэрарызмам, патэнцыял тэрарыстычных атакаў вырас у параўнаньні зь мінулымі гадамі. Калі ж паглядзець на Цэнтральную ды Ўсходнюю Эўропу, на агульную сытуацыю, дык трэба заўважыць, што тут адбыліся пазытыўныя зьмены.
Сёлета найменш канфліктнымі краінамі названы Ісьляндыя, Новая Зэляндыя, Японія, Данія, Чэхія. Найбольш канфліктнымі Самалі, Ірак, Судан, Афганістан, Паўночная Карэя. Што цікава, у дзясятку найменьш міралюбывых краінаў уваходзіць Расея – 147 месца са 153. Беларусь займае 112 месца ў сьвеце (105-е месца год таму) ды ўваходзіць у 10 найменьш спакойных краінаў у Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропе. Ацэнка зроблена на падставе 23 крытэраў, сярод якіх колькасьць гвалтоўна забітых, узровень арганізаванай злачынасьці, адносіны з суседнімі краінамі, выдаткі на войска й праваахоўныя органы, колькасьць зьняволеных у турмах, колькасьць унутраных войскаў, палітычная нестабільнасьць, непавага да правоў чалавека, верагоднасьць тэрактаў, верагоднасьць масавых пратэстаў і г.д. З гэтым рэйтынгам не пагаджаецца палітоляг Юры Чавусаў.
Юры Чавусаў: Ня трэба з фэтышызмам падыходзіць да індэксаў, якія збольшага зьяўляюцца кумуляцыяй розных паказчыкаў ды экспэртных ацэнак. Яны маюць не абсалютнае значэньне. Напрыклад, у Беларусі ўзровень палітычнага гвалту ніжэйшы за ўсе суседнія краіны. Калі ўявіць, што ў адной з суседніх краінаў адбылася б дэвальвацыя нацыянальнай валюты на 56%, ці іх палітычная сыстэма заставалася б стабільнай? Ёсьць вялікая верагоднасьць, што не. У Беларусі ж пабудавана дыктатура, якая, нягледзячы на эканамічны ды палітычны крызыс, устойлівая й кансалідаваная.
Аўтары “Індэксу глябальнага міру” зазначаюць, што нізкая ацэнка ўзроўню міру ў Беларусі фармуецца за кошт палітычнага канфлікту паміж уладай і грамадзтвам. На думку аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, узровень канфліктнасьці ў Беларусі за апошнія гады вырас. У гэтым вінаватыя ўлады.
Аляксандар Класкоўскі: Сёньня беларускае грамадзтва перажывае пакутлівы разлом. Яно вельмі палярызаванае. Шматлікія рэчы лятэнтныя, аднак яны ўсё больш выразна прамалёўваюцца пасьля падзеяў апошніх месяцаў, рэпрэсіяў, якія захляснулі краіну. У гэтым віна кіроўнай вярхоўкі.
Нягледзячы на нізкае месца ў рэйтынгу, Беларусь не зьяўляецца канфліктнай краінай, - лічыць палітоляг, прафэсар Лодзінскага ўнівэрсытэту Пшэмыслаў Жураўскі-вэль-Граеўскі.
Пшэмыслаў Жураўскі-вэль-Граеўскі: Сярод палітолягаў часам сустракаецца ілюзія, што можна прыдумаць такую схему, паводле якой вынік будзе залежаць ад пэўных правілаў ці фактараў. Але гэта малаверагодна, паліталёгія – не дакладаная навука. У Беларусі няма падставаў для канфлікту этнічнага ці нацыянальнага характару, што вельмі выбухова, як паказвае прыклад Югаславіі ды Мілошавіча. Сумнеўна, каб Лукашэнка змог скіраваць пачуцьці беларусаў на нянавісьць да іншых нацыяў ды ўзмацніць такім чынам свой рэжым. У беларускім грамадзтве няма памяці пра канфлікты з суседзямі ды няма такога патэнцыялу. Распаленьне нянавісьці ў грамадзтве да такога ўзроўню, каб людзі пачалі страляць адзін у аднаго, мне падаецца, малаверагодным.
Паводле міжнароднага дасьледаваньня “Індэкс глябальнага міру” за апошні год у сьвеце ўзрасла канфліктнасьць. Беларусь у гэтым рэйтынгу займае 112 месца сярод 153-х. На думку экспэртаў, нягледзячы на такія ацэнкі, Беларусь ня самая канфліктная краіна ў сьвеце ды ў Эўропе.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч