Р. Сікорскі размаўляў па тэлефоне з У. Някляевым
Сёньня міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі размаўляў па тэлефоне з экс-кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Беларусі Ўладзімерам Някляевым, - паведамляецца ў заяве польскага Міністэрства замежных справаў.
Кіраўнік польскай дыпляматыі перадаў беларускаму палітыку словы салідарнасьці, пажадаў стойкасьці й здароўя.
Апрача таго, польскі палітык папрасіў Уладзімера Някляева перадаць словы падтрымкі ўсім рэпрэсаваным прадстаўнікам беларускай апазыцыі ды запэўніў, што Польшча пасьлядоўна дамагаецца вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў у Беларусі.
„Хваля рэпрэсіяў, якую працягваюць улады ў Менску, выклікае рашучую крытыку ўсяго Эўразьвязу, які салідарызуецца са зьняволенымі ды гатовы аказваць пастаянны ціск на беларускія ўлады, спадзяючыся неадкладнай амністыі”, - чытаем у заяве польскага МЗС.
аз