http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=156156

У Менску абаронцу бязьбілетнікаў сабралі грошы на штраф

28.05.2011

Інтэрнэт-карыстальнікі й проста неабыякавыя людзі сабралі больш як 1,5 млн. рублёў для электрыка Алега Кудрачова, якому прысудзілі штраф у 20 базавых велічыняў (700 тыс. рублёў) за канфлікт зь міліцыяй з-за безьбілетнага пасажыра.

Прыкладна 20 чалавек прыйшлі на сустрэчу зь ім, каб перадаць грошы й проста паціснуць руку.

У інтэрвію БелаПАН Кудрачоў сказаў, што астатнія грошы пасьля выплаты штрафу ён пералічыць на разьліковыя рахункі мэдыцынскіх устаноў. Распарадзіцца грашыма па-іншаму яму не дазволіць сумленьне, зазначыў мужчына.

Нагадаем, 25 траўня ў Менску Кудрачоў заступіўся за юнака, які ехаў "зайцам" у аўтобусе. Канфлікт з кантралёрам выліўся ў канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі. "Зайцу" ўдалося ўцячы, а вось электрыка міліцыянты даволі груба затрымалі. Празь дзень суд Цэнтральнага раёна прызнаў менчука вінаватым у парушэньні грамадзкага парадку, супраціўленьні работнікам міліцыі й перашкодзе працы кантрольных ворганаў, абавязаўшы заплаціць буйны штраф.

Кудрачоў папрасіў прабачэньня ў міліцыянтаў, але застаўся пры меркаваньні, што зрабіў правільна.

 дг