http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=156165

Масква пагражае Менску адмовай у выдзяленьні крэдыту

28.05.2011

Як заявіла крыніца ў Крамлі, намер Аляксандра Лукашэнкі абмежаваць дзейнасьць расейскіх СМІ ў краіне пагражае сарваць вылучэньне Менску крэдыту на 3-3,5 мільярда даляраў, паведамляе «Інтэрфакс».

Паводле словаў высокапастаўленай крыніцы ў Крамлі, рэалізацыя падобных плянаў “ня можа не адбіцца” на пазыцыі РФ адносна выдзяленьня стабілізацыйнага крэдыту.

Нагадаем, што ў пятніцу, 27 траўня, Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў СМІ (у першую чаргу замежныя, паказаўшы на Расею) у нагнятаньні сытуацыі ў Беларусі. Нібыта менавіта яны сваёй істэрыяй ствараюць ажыятаж на рынках краіны.

На заяву Лукашэнкі таксама адрэагавала й расейскае МЗС. У сваёй заяве міністэрства адзначыла, што выказваньні Лукашэнкі выклікаюць “глыбокае шкадаваньне”. Таксама дыпляматы выказалі боязь, што выказваньні кіраўніка Беларусі пашкодзяць паляпшэньню атмасфэры расейска-беларускіх адносін і перашкодзяць рэалізацыі дамоўленасьцяў паміж дзьвюмя дзяржавамі.

дг