http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=156233

С.Калякін пераaбараны старшынём "Справядлівага сьвету"

29.05.2011

Старшынём Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" адзінагалосна на безальтэрнатыўнай аснове зноў выбраны Сяргей Калякін. Такое рашэньне прыняў сёньня XV зьезд партыі.

Пасьля выбраньня Калякін заявіў, што лічыць такое рашэньне ня толькі палітычным, але й "лёсавызначальным". Старшыня падкрэсьліў, што за яго галасавала вельмі шмат маладых людзей, і партыя абнаўляецца. «У іх вельмі розныя погляды, але тое, што яны прыйшлі да нас, — гэта добра й азначае, што партыя будзе жыць", — сказаў лідар "Справядлівага сьвету".

Паводле яго слоў, партыя ня страціла ніводнай арганізацыйнай структуры, а яе колькасны склад ня толькі не скараціўся, але і ўзрос за кошт прытоку новых людзей.

Да кастрычніка 2009 года арганізацыя мела іншую назву - Партыя камуністаў Беларуская. Рашэньне аб перайменаваньні было прынята паводле вынікаў галасаваньня на XIV нечарговым зьездзе партыі. Як растлумачыў тады Калякін, новая назва дазволіць партыі прыцягнуць у свае шэрагі ня толькі моладзь, але й прадстаўнікоў іншых левых арганізацый, якія не прайшлі афіцыйную рэгістрацыю ў Беларусі.

У працы зьезда, што праходзіў учора й сёньня ў Менску, бралі ўдзел прыкладна 170 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Дэлегаты заслухалі справаздачу цэнтральнага камітэта партыі аб зробленым, выбралі старшыню й яго намесьнікаў.

БелаПАН/вс