http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=156355

Дыктатарская Беларусь не атрымае грошай ад ЭЗ

31.05.2011

Згодна з прынцыпам абноўленай Эўрапейскай палітыкі суседзтва, аб'ём эўразьвязаўскай дапамогі будзе ўзалежнены ад дэмакратычных рэформаў, якія ажыцьцяўляюцца ў краінах-суседзях, - заявіў камісар па пытаньнях пашырэньня й палітыкі суседзтва Штэфан Фюле, прадстаўляючы Паведамленьне Эўракамісіі аб рэформе праграмы „Эўрапейская палітыка суседзтва”.

Паводле яго, Эўразьвяз павялічыць аб'ём дапамогі краінам-суседзям, у тым ліку Беларусі, але згаданае павелічэньне „залежыць ад выкананьня канкрэтных умоваў”. Гаворка ідзе, між іншым, пра вольныя й сумленныя выбары, свабоду сходаў і выказваньня меркаваньняў, у прыватнасьці свабоду прэсы й СМІ; незалежную судовую ўладу й права на справядлівае судовае разьбіральніцтва, барацьбу з карупцыяй і дэмакратычны кантроль над узброенымі сіламі й службамі бясьпекі.

Штэфан Фюле дадаў, што сур'ёзныя абавязацельствы возьме на сябе й сам ЭЗ.
„Калі мы ня зможам даць тое, пра што папрасілі нашыя партнэры, - напрыклад, доступ да рынкаў або партнэрства па забесьпячэньні мабільнасьці грамадзянаў - мы таксама будзем несьці адказнасьць”, - паясьніў палітык.

charter97.org/аз