А сёньня, паважаныя сябры, у нашым радыёпадарожжы накіруемся на вадаёмы. Тэмпэратура, прынамсі ў Польшчы, спрыяе правядзеньню часу на возеры, рэчцы ці вадасховішчы. І з гэтым тут праблем няма, таму што Польшча – гэта краіна азёр. А асабліва вядомыя й папулярныя сярод турыстаў Мазурскія азёры на паўночным усходзе краіны. Прычым інфраструктура для адпачынку тут вельмі разьвітая – усюды пункты харчаваньня – ад рэстаранаў па бары хуткага абслугоўваньня – гастэлі ды гатэлі – розных цэнавых катэгорый.
На возеры можна ляніва загараць, папіваць халодныя напоі, а можна таксама праводзіць адпачынак актыўна. У Польшчы ужо працяглы час папулярны адпачынак на азёрных яхтах. У мінулы летні сэзон я далучыўся да шматлікіх прыхільнікаў спакойнага плаваньня па возеры на яхце. Тут адразу зазначу, што кіраваць ветразёвай яхтай можа толькі чалец каманды, які мае адпаведную ліцэнзію. Яе можна атрымаць пасьля спэцыяльных курсаў. Без ліцэнзіі ніхто ня здасьць яхту ў арэнду. Зразумела, можна арэндаваць судна з капітанам, але гэта каштуе нашмат даражэй. А ўвогуле цэны за карыстаньне пачынаюцца ад 50 эўра да некалькіх сот эўра. На даражэйшых яхтах – шыкарная каюта, кухня, санвузел. Адным словам, на ёй створаны ўсе ўмовы ня толькі для плаваньня, але й пражываньня. Пры гэтым, заплаціўшы даражэй за яхту, можна зэканоміць на гатэлях: прышвартаваўшыся ноччу да берагу, начуем на яхце, без неабходнасьці здымаць гасьцініцу. Можна таксама ўзяць у арэнду таньнейшую яхту, але на ёй пад палубай будзе ўсяго толькі невялічкая каюта зь ляжанкамі, бяз кухні ды туалета.
Ёсьць яшчэ адзін спосаб, каб пакатацца на яхце па возеры – арэндаваць маторнае судна. У гэтым выпадку ліцэнзіі ня трэба, хопіць дасьвед кіраваньня аўтамабілем. Перад рэйсам адбываецца кароткі інструктаж, і можна рушыць рассякаць водную гладзь сваім міні-караблём. Аднак на многіх польскіх азёрах рух маторных яхтаў забаронены з-за экалягічных нормаў і для таго, каб шум рухавіка не перашкаджаў іншым адпачываючым. Калі ж нехта ўсё ж вырашыўся накіравацца на польскія азёры, то варта як мага раней забраніраваць гатэлі ды яхты, таму што ў разгар сэзону проста так, ад рукі, цяжка знайсьці судна альбо месца ў гасьніцы.
На сваім прыкладзе хацеў бы зазначыць, што бакцылам воднага адпачынку вельмі лёгка заразіцца – хопіць усяго раз вырушыць на возера, пад подых ветру й трымценьне ветразя. Вось так, сядзіш на палубе ў сонечных акулярах, п’еш халодны сок з халадзільніка з камбуза, летняе сонейка далікатна дакранаецца да загарэлага цела, вецер ласкава жартуе з чупрынай, за бортам плёскаюцца хвалі, супакойваючы стомленую гарадзкім жыцьцём душу, а ў далечыні разьняволена праплываюць казачныя краявіды.
вс