http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=156607

Супрацоўнікі спэцслужбаў выдалілі з інтэрнэту суполку „Мы за вялікую Беларусь!”

04.06.2011

Суполка рыхтавала «Марш мільёнаў» за адстаўку Лукашэнкі. Удзельнікі заклікалі распачаць яго 15 ліпеня на цэнтральнай плошчы Менска. У суполцы «Мы за вялікую Беларусь!» было 120 000 удзельнікаў.

Сяргей Паўлюкевіч заявіў у лісьце „Нашай Ніве” пра ціск з боку спэцслужбаў на яго сям’ю.

2 чэрвеня супрацоўнікі спэцслужбаў прыйшлі на працу да яго маці. Яны параілі, каб яе сын спыніў сваю працу ў якасьці адміністратара шэрагу буйных суполак ў сацыяльных сетках. У процілеглым выпадку паабяцалі пасадзіць сына ў турму.

Пасьля 19 сьнежня Сяргей Паўлюкевіч адсядзеў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Потым яго спрабавалі завэрбаваць у КДБ.

Сяргей у лісьце накіраваным да сусьветнай грамадзкасьці й да беларусаў напісаў: «Калі мяне зьняволяць, спадзяюся, што гэта ня будзе дарэмна, што абудзяцца яшчэ пару соцень тысяч чалавек, а пару дзясяткаў тысяч чалавек пачнуць рэальна нешта рабіць. Нам ужо асабліва губляць няма чаго. Што нам губляць, акрамя страху?».

Тэлефон Паўлюкевіча маўчыць, ён таксама не адказвае на элекртонную пошту.

«Вконтакте» — гэта адна з самых папулярных сацыяльных сетак — інтэрнэт-плятформаў, на якіх людзі камунікуюць.

Калі на Захадзе самай папулярнай сеткай стаў «Фэйсбук», то ў былым СССР найбольш карыстальнікаў на сёньня мае якраз «Вконтакте».

nn.by/яс