http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=156635

Як беларускія ўлады будуць рэагаваць на сацыяльныя пратэсты?

05.06.2011

Ці магчымыя ў Беларусі сацыяльныя пратэты й як улады будуць на іх рэагаваць? Палітоляг Павал Усаў лічыць, што пры пагаршэньні эканамічнага становішча ды росьце сацыяльнай напружанасьці ўлады могуць пайсьці нават на ўвядзеньне надзвычайнага становішча. З палітолягам на гэтую тэму размаўляе Аляксандар Папко.

Павал, ці лічыце Вы, што сацыяльныя пратэсты ў Беларусі мажлівыя й калі яны павінныя пачацца?

П. Усаў: Сацыяльныя выбухі мажлівыя. Хацеў бы падкрэсьліць, што гэта ня будуць пратэсты, арганізаваныя апазыцыяй, а менавіта спантанныя бунты працоўных заводаў ці шпіталёў. Калі матэрыяльнае становішча людзей будзе пагаршацца надалей і калі гэтая зьява стане масавай, то пратэсты абавязкова ўзьнікнуць. Калі ў бліжэйшы час эканамічная сытуацыя ў Беларусі ня выправіцца, то акцыяў пратэсту трэба чакаць ужо ў ліпені-жніўні.

Пры гэтым ня трэба забывацца, што ўлады будуць рабіць пэўныя захады, каб папярэдзіць узьнікненьне пратэстаў. Яны ўзмоцняць палітчны кантроль і ціск на грамадзтва. Адна з гэтых мераў уведзена ўжо сёньня – гэта праверкі “працоўнай дысцыпліны” на прадпрыемствах. Гэта робіцца, каб узмацніць атмасфэру страху ў Беларусі.

Калі ж сытуацыя пагоршыцца яшчэ больш, то я думаю, што рэжым пойдзе на ўвядзеньне надзвычайнага становішча. Будуць забароненыя мітынгі й дэманстрацыі, забаронена дзейнасьць апазыцыі, грамадзкіх арганізацыяў. Ня варта чакаць, што ў пэрыяд пагаршэньня эканамічнай сытуацыі будуць выпушчаныя палітычныя вязьні.

Ці ня лічыце Вы, што такія захады яшчэ больш раззлуюць насельніцтва? Ці сапраўды ўлады згодзяцца пайсьці на ўвядзеньне надзвычайнага становішча?

П. Усаў: Лёгіка Лукашэнкі заключаецца ў тым, каб радыкальна й хутка вырашыць праблему. Прыклад такой лёгікі ўсе ўбачылі ў ноч пасьля выбараў 19 сьнежня.  Рэакцыя Лукашэнкі на падзеі была абсалютна незразумелая з рацыянальнага пункту гледжаньня. Можна спадзявацца, што ён пойдзе на жорсткія крокі. Ён упэўнены, што ён здольны прымусіць грамадзтва падпарадкоўвацца, што радыкальнымі крокамі можна вырашыць усе эканамічныя праблемы. Ён будзе ўпэўнены, што надзвычайнае становішча – адзіны сродак, якім можна вырашыць цяжкую сацыяльна-эканамічную сытуацыю.

Канешне, пасьля такога кроку Лукашэнка ўвогуле згубіць легітымнасьць. Калі сытуацыя будзе разгортвацца паводле такога сцэнару, то можна чакаць, што выбараў у 2015 годзе ня будзе. Тое, што адбываецца ў краінах Блізкага Усходу й Паўночнай Афрыкі паказвае, што рэжымы гатовыя змагацца са сваімі народамі усімі мэтадамі й усімі магчымымі сродкамі.

Беларусы яшчэ не былі ў такой сытуацыі, калі ім трэба было змагацца за сацыяльныя даброты ці палітычныя правы ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму. Таму прадказваць, як будзе рэагаваць беларускае грамадзтва, вельмі цяжка. Аднак агульнае для усіх грамадзтваў правіла сьцьвярджае, што калі людзям няма чаго губляць, акрамя сваіх ланцугоў, то адбываецца выбух - і такі выбух адбудзецца.

Як можа выглядаь жыцьцё ў краіне, дзе ўсталяваўся жорсткі паліцэйскі рэжым?

П. Усаў: З матэрыяльнага пункту гледжаньня яно можа нагадваць жыцьцё ў краінах сацлягеру ў позьнія 80-я гады, калі людзям выдавалі прадуктовыя карткі. У палітычным сэнсе жыцьцё будзе выглядаць як у часы Сталіна, калі людзі ўвогуле баяліся размаўляць пра палітыку. Магчыма, будзе ўведзена камэнданцкая гадзіна. Аднак такая сытуацыя ня будзе трываць доўга. Калі Лукашэнка вырашыць увесьці надзвычайнае становішча, то ён пратрымаецца пры ўладзе ня больш за год-два.

Вы казалі, што апазыцыя занадта слабая, каб узначаліць пратэсты. Хто тады разбурыць гэтую сыстэму? Хто стане на чале пратэстаў?

П. Усаў: Я думаю, што лідарамі пратэстаў стануць людзі, якія паходзяць з працоўных калектываў, як гэта было ў часы “Салідарнасьці” ў Польшчы. Палітычная апазыцыя можа быць адным з удзельнікаў працэсу пераменаў. Але асноўнай сілай і рухавіком палітычных зьменаў стануць працоўныя калектывы, пры ўмове, што яны змогуць салідарызавацца й актыўна супрацьстаяць рэжыму.


З Паўлам Усавым размаўляў Аляксандар Папко