http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=156639

Асілку Вячаславу Харанэку спаўняецца 50 гадоў (аўдыё)

05.06.2011

Асілак Вячаслаў Харанэка – чалавек, роўных якому няма на зямлі. Ягоная спэцыялізацыя – экстрэмальны пад’ём цяжару. Альбо гіраў па 24 ці 32 кіляграмы, альбо бочак з вадкасьцю вагою 40 ці 62 кіляграмы. Самы даўгі паводле часу рэкорд – калі Вячаслаў за двое сутак безь перапынку падняў 40-кіляграмовую бочку 6160 разоў. Многія дасягненьні Вячаслава ўнесеныя ў Кнігу рэкордаў Гінэса, пабіць іх ня можа ніхто на зямлі. У панядзалак 6 чэрвеня асілку Вячаславу Харанэку спаўняецца 50 гадоў. Напярэдадні мы пагутарылі зь юбілярам, які не зьбіраецца спыняцца.

Вячаслаў, цяжка паверыць, аднак вам спаўняецца 50 гадоў…

В. Харанэка: Сам як падумаю – дык дзіўна, што ўжо 50… Хоць я лічу, што ў чалавека ёсьць два ўзросты – біялягічны й пашпартны. Паводле пашпарту, сапраўды, я нарадзіўся 6 чэрвеня 1961 года ў Бабруйску Магілёўскай вобласьці. Але біялягічна я сябе адчуваю маладзейшым – можа, год 25. Хоць, пасьля якой пагулянкі нараніцу й на 30 магу сябе адчуваць!.. (сьмяецца) Як адчуваць сябе маладзейшым? Найперш – патрэбна фізычная актыўнасьць. Але ў меру, з розумам. Для кожнага ўзросту – свая актыўнасьць. Па-другое, духоўная актыўнасьць – жыцьцярадаснасьць. Заўсёды быць аптымістам. Нягледзячы на цяжкі час, у які мы жывем, на ўсе непрыемнасьці, на крызісы. І намагацца ў сваім жыцьці рабіць як мага болей добрых справаў.

Вячаслаў, вы сказалі, што для кожнага ўзросту дарэчныя свае фізычныя нагрузкі. Аднак 50 гадоў – гэта ўжо ня хлопчык. Людзі кажуць: калі ўжо Харанэка супакоіцца, гэта ж небясьпечна!..

В. Харанэка: Вядома. Калі паглядзець на фізіялёгію чалавека, то асноўныя якасьці – гэта хуткасьць, моц, трываласьць, гнуткасьць. Найперш з узростам зьніжаецца хуткасьць. Пасьля 25-30 гадоў ужо не здабудзеш большай хуткасьці, чым здабыў. Потым зьніжаецца моц -- недзе пасьля 40 гадоў набіраецца аптымальны ўзровень, які вытрымліваецца недзе гадоў да 50. Далей ужо можна атрымаць траўму. Мышцы будуць памятаць, што яны падымалі цяжар – аднак зьвязкі й суставы робяцца меньш элястычныя, больш крохкія, могуць ня вытрымаць. А вось такія якасьці як гнуткасьць і трываласьць – могуць захоўвацца вельмі доўга! Бываюць выпадкі, калі чалавеку пасьля інфаркта лекары рэкамэндавалі актыўны рух. Чалавек памалу пачынаў хадзіць, бегаць – а потым прабягаў марафон! Так і гнуткасьць – здараецца, калі людзі і ў 80 гадоў вырабляюць немаведама што!.. Я, натуральна, ужо адчуваю, што цяпер не зраблю тое, што рабіў у 30 гадоў. Нават мой рэкорд 2005 году – калі за двое сутак я падняў 40-кіляграмовую бочку 6160 разоў. Цяпер я дзесяць разоў падумаў бы, ці спрабаваць такое. Для гэтага трэба стварыць мне цудоўныя ўмовы – год трэніравацца, нідзе больш не працаваць, добра харчавацца, быць пад наглядам лекараў… Цяпер большы акцэнт я раблю на практыкаваньнях, звязаных з гнуткасьцю, трываласьцю.

Між іншым, Вячаслаў – ужо дзядуля: унуку Цімоху 1 год і 8 месяцаў. Вячаслаў кажа, што ня будзе адмыслова рабіць з унука спартоўца. Аднак хоча, каб той выгадаваўся здаровым чалавекам.

В. Харанэка: Буду прывучаць яго да актыўнага ладу жыцьця. Але адмыслова спартоўца рабіць ня буду. Не разумею такіх бацькоў, якія прымушаюць сваё дзіця. Бацькі бачаць у ім хакеіста – і гамон! Альбо бачаць тэнісіста – і кропка! Трэба глядзець, да чаго дзіця схілена генэтычна, што дзіцёнку пасуе, што яму падабаецца... Я, напрыклад, удзячны сваім бацькам-нябожчыкам, што правучыўся 5 гадоў у музычнай школе па клясе баяна. Я ўзбагаціўся духоўна, аднак гэта было не маё… А колькі дзетак так пакутуюць, трынькаючы на фартэпіяне?.. Галоўнае, каб унук выгадаваўся грамадзянінам зь вялікай літары, чалавекам.

Вячаслаў, цяпер у вас 130 рэкордаў. Можаце згадаць нейкі асаблівы?

В. Харанэка: Сапраўды, ад сьнежня 1991 году я маю 130 афіцыйна зарэгістраваных рэкордаў. Безумоўна, яны для мяне ўсе дарагія – як дзеткі для матулі. Магу прыгадаць сур’ёзны рэкорд. У лістападзе 2000 году ў Серпухаве я ўсталёўваў сусьветны рэкорд у адвольным пад’ёме гіры. Седзячы ў гімнастычным шпагаце цягам 10 хвілін без адпачынку выціснуў 32-кіляграмовую гіру 100 разоў. Уяўляеце, што такое праседзець 10 хвілін у гімнастычным шпагаце?! Мне нават гімнасты казалі, што гэта – суперклас. Прайшло 11 гадоў, але рэкорд застаецца не пабіты. Хаця спробы былі. Аднак людзі ці могуць пасядзець у шпагаце, ці стоячы выціснуць гіру. Адначасова гэта ні ў кога не атрымалася!..

Арцём Багданаў, Менск