http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=156641

Краявідныя скарбы Беларусі - Берасьце

04.06.2011

Ёсць у сучасным Берасьці музэй, створаны на тым самым месцы, дзе знаходзіўся калісьці даўні горад. Вучоныя-архэолягі раскапалі жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, вуліцы. Па іх нават можна прайсьціся, уяўляючы, як гудзе гаманлівы гарадзкі натоўп.

Вунь там, на падворку, з далёкай усходняй Візантыі, а можа, са Скандынавіі, купец прывёз тавар: дарагія аксаміты, загартаваныя стальныя мячы, келіхі і кубкі з празрыстага шкла, пацеркі, бранзалеты. Чаго тут толькі няма! А праз двор – майстар круціць ганчарнае кола, вырабляючы гліняныя гаршчкі на продаж. Побач з ім другі майстар. Гэты выразае з дрэва посуд. Яшчэ далей гудзе кузьня, на цэлы квартал разносіцца звон кавальскага молата.

Шчыльна стаяць хаты на падворках – сядзіба да сядзібы. Вуліцы вузкія. Раптам чуецца крык: "Сьцеражыся!".  Гэта да княскага двара шалёна імчаць ваяры. Што за вестку нясуць яны? Пра замірэньне, ці пра вайну? На імгненьне навокал усё… У паветры павісла чаканьне… Але праз хвіліну зноў усё зазьвінела, загуло, загаманіла... Пэўна добрую навіну прынесьлі воі!

Аб тым, як узнік горад, захавалася паданьне. Даўно гэта было. Невядомы купец прабіраўся з абозам праз палескія балоты. Ніхто ня ведаў, хто ён і куды едзе. У тыя старадаўнія часы не было ні дарог, ні гасьцінцаў. Адны толькі рэкі, рачулкі ды ручаіны. Дзе вада дазваляла, вазілі тавары на стругах ды чоўнах, а па сушы – цягнулі вазамі.

На Палесьсі ж – скрозь балоты, вось і трапіў той купец у непраходную дрыгву. Што рабіць? Загадаў ён абдзіраць бярозы ды бяростаю шлях выкладаць. Так і выратаваўся. Калі ж прадаў купец тавар і вяртаўся дадому, спыніўся на гэтым месцы й прынёс язычніцкім багам ахвяру. А само месца ў гонар бяросты-выратавальніцы назвалі Берасьцем.

Ніхто ня ведае імя купца. Але назва горада сьведчыць, што заснаваны ён славянамі. Месца, дзе паўстаў старажытны горад, незвычайнае: з усіх бакоў абкружана водамі Буга й Мухаўца. Мухавец – невялікі, але стромкі, Буг – зьвілісты, але спакойны, болей за тысячу гадоў працякае ён як жывая мяжа паміж землямі Беларусі й Польшчы.

У старажытных летапісах Берасьце ўпершыню згадваецца ў 1019 годзе, калі тут спыняўся князь тураўскі й кіеўскі Святаполк. Горад на мяжы стаў крэпасьцю. У самыя даўнія часы ён уваходзіў у склад Тураўскага княства. Але завалодаць Берасьцем імкнуліся і ляхі, і валыняне, і кіеўляне, і крыжакі, і нават татары.

Каб надзейна абараніць горад, акрамя высокіх і моцных сцен пабудавалі крэпасьць у выглядзе вежы. Падобная вежа захавалася да нашых дзён у мястэчку Камянец, што блізу Белавескай пушчы. Уздымалася вежа высока над горадам і не дазваляла ворагу блізка падыходзіць да яго сьцен.

Але неўзабаве зьявілася новая пагроза з поўначы – крыжакі. Ратуючыся, беларускія землі аб'ядналіся ў адну дзяржаву – Вялікае княства Літоўскае. У новым гаспадарстве Берасьце заняло асаблівае, ганаровае месца. Горад першым сярод іншых атрымаў Магдэбургскае права на самакіраваньне. I гэта ня дзіва! Цераз яго праходзілі ўсе самыя вялікія дарогі з Заходняй Эўропы на Масковію і Кіеўшчыну. Горад хутка рос і квітнеў. Тут праводзіліся штогадовыя кірмашы, узводзіліся цэрквы, касцёлы й сінагогі.

Як і тысячу гадоў таму, Берасьце застаецца памежным горадам. Гэта – наша брама ў Заходнюю Эўропу. Таму тут заўсёды шмат гасьцей. Прыязджайце й вы,  каб убачыць непаўторную прыгажосьць старажытнага, але заўжды  маладога горада.

ак