Пра існаваньне старых рукапісных кніг, напісаных беларускаю моваю, але арабскімі літарамі, ведаў ужо ў палове XІX ст. гісторык А.Мухлінскі, але зацікаўленьне беларускім пісьменствам арабіцай пачалося толькі пасьля публікацыі ў 1918 годзе ў менскім часопісе „Варта” артыкула Івана Луцкевіча пра знойдзеную ім у Сорак-Татарах пад Вільняй сьвятую кнігу беларускіх мусульманаў Аль Кітаб – адзначыў на старонках „Запісаў” Рыгор Максімовіч (гэта псэўданім Вітаўта Тумаша) (Р.Максімовіч, А.К.Антонович. Белорусские тексты, писаные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Вильнюс, 1968, 418 б. + 28 ілюстрацыяў; The Byelorussian Tartars and their Writings, by G.M.Meredith-Owens and Alexander Nadson (The Journal of Byelorussian Studies, Vol. II, № 2. London, 1979, pp.141-176 + illustrations), у: ,,Запісы”, № 12, Нью-Ёрк 1974, с. 112-116.
„Іван Луцкевіч у сваім артыкуле зьвярнуў увагу на тое, што ў пісаных арабіцай кнігах тарнуюцца адмысловыя літары для перадачы некаторых тых беларускіх гукаў, якіх не перадавала старая кірыліца, прыкладам дзь, ць. Гэта зацікавіла моваведаў і ад публікацыі І.Луцкевіча пачалося навуковае вывучэньне беларускіх тэкстаў пісаных арабіцай”. (тамсама, с. 112)
Сваю татарскую мову татары, якія пасяліліся на Беларусі, хутка згубілі, паколькі жаніліся найчасьцей зь беларускамі ды сваіх дзяцей выхоўвалі ў беларускай мове, а мовы сваіх рэлігійных кніг – арабскай, а пазьней турэцкай, яны ніколі масава ня ведалі. Ведалі гэтыя мовы толькі іхныя мулы, якія ў часе рэлігіійных абрадаў карысталіся кнігамі, напісанымі гэтымі мовамі. Моўнае абеларушчаньне татарскіх жыхароў Беларусі змусіла мулаў да перакладу рэлігійных кніг на мову, зразумелую для вернікаў, на беларускую мову. Перакладзеныя тэксты запісваліся аднак арабскімі літарамі. Так зьявіліся мусульманскія кнігі, напісаныя беларускай мовай, але арабскімі літарамі. (тамсама, с. 113)
А.К.Антановіч апісаў 24 рукапісы беларускіх мусульманаў. Яны, як правіла, двухмоўныя. Побач арабскага альбо турэцкага тэксту даюцца беларускія, радзей польскія пераклады гэтых тэкстаў.
„Паводле свайго зьместу рукапісныя кнігі беларускіх мусульманаў гэта ці кітабы – зборнікі рэлігійных і сьвецкіх легендаў і аповесьцяў, ці малога фармату, каб можна было насіць з сабою – маліцьвенікі хамаілы, ці кнігі зь перапісанымі ў іх разьдзеламі Карану – тапсіры, ці ўрэшце тэджвіды – павучэньні, як трэба чытаць Каран. Сярод пісаных арабіцай рукапісаў знайшлося й грашовае паквітаваньне ды вельмі цікавы, складзены у 1836 годзе, турэцка-беларускі слоўнік-размоўнік для тых беларускіх мусульманаў, якім у часе багамольнага падарожжа давялося-б быць у Турцыі”. (тамсама, с. 114)
Каб дакладней перадаць вымову беларускіх гукаў, перакладнікі й перапішчыкі мусульманскіх тэкстаў распрацавалі адпаведную графічную сыстэму, і таму ёсьць падставы называць яе „беларускай арабіцай” – адзначыў Р. Максімовіч. У пісаных арабскімі літарамі беларускіх тэкстах перадаюцца такія рысы беларускае мовы, як: дзеканьне, цеканьне, аканьне, асыміляцыйнае зьмякчэньне зычных. (тамсама, с. 114-115)
У 1970 г. у Лёндане была апублікаваная чарговая праца пра беларускае пісьменства арабіцай аўтарства Г.М. Мэрэдыт-Оўэнса ды Алксандра Надсона, у якой даецца характарыстыка трох знойдзеных у Лёндане рукапісных кніг беларускіх мусульманаў – тапсіра, хамаіла й кітабу. Тапсір быў напісаны ў 1725 годзе, праўдападобна, у Менску Багданам Асановічам. Пад пісанымі арабскай мовай радкамі дадзены арабіцай пераклад на польскую мову, але з моцнымі беларускімі асаблівасьцямі. Хамаіл быў напісаны ў 1828 годзе Мустафай Багдановічам у Слоніме. У кнізе тэксты арабскія й турэцкія зь беларускімі й польскімі паясьненьнямі. Кітаб напісаны, відавочна, у XVІІІ ст. Пад турэцкім або арабскім тэкстамі дадзены арабіцай беларускі пераклад.(тамсама, с. 116)
„Праца Мэрэдыт-Оўэнса ды Надсона дае шмат цытатаў з новазнойдзеных кнігаў беларускіх мусульманаў у ангельскім перакладзе. Пры канцы памешчана сем рэпрадукцыяў з прыкладамі пісьма гэтых кнігаў, дадзеная лацінічная транслітарацыя беларускіх іх тэкстаў з ангельскімі іх перакладамі. Ёсьць і табліца ўжываных у пісьменстве беларускіх мусульманў арабскіх літараў ды пісьмовых знакаў, з паказаньнем гукавога іх значаньня ды спосабу транслітарацыі беларускаю лацініцай. ... Паведамленьне пра знаход кнігаў карыснае й гэтым, што дадзенае ў мове ангельскай і веду пра пісаныя пабеларуску арабіцай кнігі шырыць у навуковым сьвеце Захаду” – адзначыў на старонках „Запісаў” Р.Максімовіч. (тамсама)
Ніна Баршчэўская