http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=156820

Чаму зьбліжэньне з Расеяй адкрывае дарогу для наркабізнэсу ў Беларусі?

08.06.2011

На паперы беларускія законы, зьвязаныя з распаўсюдам наркотыкаў, лічацца аднымі з самых перадавых у сьвеце. На справе – у Беларусь тонамі ўвозіцца прапітаны опіем мак і без праблем паступаюць псіхатропныя прэпараты.
Як магчыма выправіць ахавую сытуацыю?

Беларусь – ня самая зручная краіна для гандлю клясычнымі наркотыкамі – гераінам, какаінам і гэтак далей. Аднак і тут наркабароны новага пакаленьня адчуваюць сябе няблага.
Перш-наперш адкрыта прадаюцца так званыя “бубкі” – насенне маку, наўмысна прапітанае опіем. Яго можна купляць нават на некаторых рынках, за гэта не прадугледжана крымінальнай адказнасьці. Пазьней дома наркаманы з дапамогай немудрагелістых прэкурсораў гатуюць сабе наркатычны раствор.
Агульнавядома, што мак увозіцца тонамі, амаль безперашкодна. І дзяржава ўжо больш як сем гадоў не прадпрымае сур’ёзных высілкаў, каб вырашыць праблему.  Тым часам колькасць спажыўцоў “бубак” пераваліла за 130 тысяч чалавек.
Грамадзкая кампанія “Антымак” у чарговы раз сабрала больш за тысячу подпісаў звычайных грамадзян з патрабаваньнем вырашыць праблему. Кіраўнік “Антымаку” Алесь Шпакоўскі зьвярнуўся з подпісамі да ўлады.  

Алесь Шпакоўскі: Падрыхтаваны быў адмысловы ліст на імя кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Макея. У лісьце была апісана праблема й тыя захады, якія мы рабілі па яе вырашэньню. І даюцца прапановы ўладзе па заканадаўчаму вырашэньню гэтай праблемы. Па-першае, мы прапануем увесьці дзяржаўную манаполію на пастаўкі насеньня мака ў Беларусь, каб пастаўкамі для патрэбы харчовай прамысловасьці займалася дзяржава. Як паказвае практыка, толькі 10% завезенага маку ідуць на патрэбы харчовай прамысловасьці. Гэта статыстыка Дзяржаўнага   Мытнага Камітэта.
Па-другое, мы прапаноўваем абавязковы кантроль насеньня мака на мяжы.
Па-трэцяе, мы прапаноўваем умацаваць санкцыю тых артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія зьвязаны з наркотыкамі. Санкцыі павінны быць умацаваны, асабліва за гандаль наркатычнымі сродкамі.
 

“Бубкі” – гэта збольшага агульнабеларуская праблема. Ва Ўкраіне й Расеі спажываюць іншыя опійныя нароктыкі. А вось нашэсьце сінтэтычных псіхатропаў (так званыя парашкі, солі для ваннаў, курыльныя міксты) пагражае ўсяму сьвету. Зь Кітаю псіхатропы развозяцца па плянэце, і заканадаўствы розных дзяржаваў ня здольныя гэтаму супрацьстаяць. Як толькі нейкае рэчыва афіцыйна прызнаецца псіхатропам, у лябараторыях распрацоўваюць новую формулу.
У Беларусь курыльныя міксты й солі для ваннаў таксама завозяцца з Расеі. Адзіным выйсьцем з сытуацыі кампанія “Антымак” лічыць узмацненьне кантролю на мяжы з усходняй суседкай.  

Алесь Шпакоўскі: Тут вельмі важна ўсталяваць мытны кантроль грузаў на мяжы з Расеяй, каб гэта ніякім чынам не паўплывала на шэраговых грамадзянаў, якія жадаюць патрапіць з Расеі ў Беларусь ці наадварот. Але ў той жа самы час неабходна кантраляваць грузапатокі, якія ідуць з Расеі ў Беларусь і наадварот. Таму што менавіта з Расеі мы атрымліваем асноўную колькасьць так званых легальных псіхатропных прэпаратаў. Мытны кантроль грузаў павінен быць узмоцнены, пэрыядычны, сыстэматычны. Гэта трэба ажыцьцяўляць. Інакш нашу краіну будуць закідваць грузамі з наркотыкамі, і наша міліцыя ня будзе спраўляцца з гэтым. Мы павінны стварыць такія межы, каб наркотыкі не маглі трапляць на тэрыторыю Беларусі. Гэта дапаможа вырашыць ня толькі праблему з накротыкамі, але й шмат іншых праблемаў, зьвязаных зь нелегальным перамяшчэньнем і кантрабандай.

Сусьветная супольнасьць аказалася мала падрыхтаванай да барацьбы з сінтэтычнымі псіхатропамі. Лібэральныя працэдуры ўнясеньня рэчываў у наркатычныя сьпісы дазваляюць распаўсюджваць міксты й парашкі па ўсім свеце, ламаць чалавечыя лёсы. Прадстаўнік аднаго зь сілавых ведамстваў Беларусі, аўтарытэтны экспэрт у галіне наркатычных сродкаў і піхатропных рэчываў (імя й прозьвішча не называем па просьбе  службовай асобы) лічыць, што залішняя лібэральнасьць у барацьбе з новымі псіхатропамі дапамагае наркагандлярам рабіць залежнымі вялікую колькасьць грамадзян, якія нават не падазраюць пра небясьпеку.

Экспэрт: Нехта ўжо сур’ёзна б’е трывогу, а нехта спрабуе апраўдаць сытуацыю нейкімі свабодамі. Я лічу, што гэта няправільна, гэта недальнабачны погляд на рэчы. Таму што пакуль яны “пачэшуцца” й прымуць рашэньні забараніць тыя ці іншыя рэчывы, акажацца, што зашмат людзей на іх “падсела” й маюць сур’ёзную залежнасьць. Таму альбо яны ня змогуць адмовіцца ад гэтых рэчываў, альбо яны будуць шукаць нейкія легальныя замяняльнікі. Атрымоўваецца замкнёнае кола.

Нягледзячы на наркатычныя праблемы сусьветнага масштабу, галоўная праблема Беларусі – адкрытыя межы з Расеяй. Наркотыкі й псіхатропы пакуль правозяць свабодна. Калі ж супольная мытная прастора запрацуе напоўніцу, калі расейскія сэртыфікаты якасьці, часам падробленыя, будуць безапеляцыйна прызнавацца ў Беларусі, паставіць заслон трафіку новых наркотыкаў  будзе амаль немагчыма.

Аляксандр Парошын, Менская вобласьць