Наступным прэзыдэнтам Эўрапейскага парлямэнту пасьля Ежы Бузэка, хутчэй за ўсё, будзе лідар фракцыі сацыялістаў Марцін Шульц, пра гэта сёньня піша польская прэса. Вызначальным у гэтым пытаньні сталася аб’яднаньне нямецкіх дэпутатаў з усіх фракцыяў Эўрапарлямэнту вакол кандыдатуры Шульца. Выбары старшыні ЭП павінны адбыцца ў студзені 2012 году.
Марцін Шульц – букініст, на 15 гадоў маладзейшы за Бузэка, бяз досьведу працы на палітычных пасадах. Шульц вельмі амбітны палітык з гарачым тэмпарамэнтам.
Яшчэ два гады таму, калі ў выбарах перамог Бузэк, гаварылася пра тое, што сацыялісты пагадзіліся на яго кандыдатуру з умовай, што наступным старшынём ЭП будзе прадстаўнік іх групы. Пасьля фракцыі хрысьціянскіх дэмакратаў, якую прадстаўляе Бузэк, сацыялісты лічацца мацнейшай групай у ЭП.
Нідэрлянды заблякавалі далучэньне Балгарыі й Румыніі да Шэнгенскай зоны. Урад гэтай краіны заявіў, што разгледзіць пытаньне аб далучэньні Сафіі й Бухарэсту да Шэнгену толькі ў 2012 годзе й то пры ўмове пасьпяховых прававых рэформаў у гэтых дзяржавах.
Нагадаем, напярэдадні Эўрапарлямэнт прагаласаваў за як мага хутчэйшае ўступленьне Балгарыі й Румыніі ў Шэнген. Аднак для далучэньня да зоны новага партнэра патрабуецца аднадушная згода ўсіх 26 дзяржаваў пагадненьня.
Румынія й Балгарыя ўступілі ў ЭЗ у 2007 годзе, аднак, застаючыся пры гэтым па-за Шэнгенскай зонай. Уезд з румынскай або балгарскай візай на тэрыторыю краін, якія падпісалі Шэнгенскае пагадненьне, забаронены.
Сёньня ў Эўрапейскім парлямэнце пачаліся дэбаты наконт бюджэту Эўразьвязу да канца бягучага дзесяцігодзьдзя. Вядома, што, нягледзячы на спад эканомікі, парлямэнтары паспрабуюць ня вельмі моцна яго скараціць.
Пакуль незразумелы пэрыяд плянаваньня – ці будзе, як і раней, бюджэт складацца на сем гадоў, а, магчыма, за аснову возьмуць 5 або 10 гадоў.
На думку Эўракамісіі, цяперашнія рэаліі патрабуюць ўвядзеньня 10-гадовага плянаваньня. Пры гэтым у сярэдзіне цыкла магчымы перагляд прыярытэтаў праграм, а таксама правядзеньне зьменаў у саміх праграмах.
Адзін з самых старажытных пісьмовых тэкстаў Эўропы знойдзены ў Грэцыі. Яму можа быць 2 500 гадоў. Знаходка была выяўленая ў 300 кілямэтрах ад Афінаў групай амэрыканскіх архэолягаў.
Падчас правядзеньня архэалягічных працаў навукоўцы выявілі гліняную таблічку даўжынёй усяго некалькі сантымэтраў. На таблічку нанесены тэкст, які лічыцца папярэднікам старажытнагрэцкага алфавіту.
Крыху раней на тэрыторыі Эўропы былі выяўленыя яшчэ больш старыя табліцы, аднак надпісы на іх расшыфраваць так і не ўдалося.
Знойдзеная цяпер таблічка лічыцца найстарэйшай чытэльнай у гісторыі Эўропы.
Жыхары Мальты выказаліся на рэфэрэндуме за легалізацыю разводаў. Большасьць насельніцтва выспы падтрымалі закон, які дазваляе скасаваць шлюб.
Паводле слоў прэм’ер-міністра Мальты Лоўрэнса Гонзі, у рэфэрэндуме прыняло ўдзел 72% выбаршчыкаў. Сам прэм'ер прызнаўся, што, як і Каталіцкая царква, выступаў супраць такога закона й вельмі расчараваны выбарам грамадзтва.
Насельніцтва Мальты – гэта, пераважна, каталікі, і да нядаўна гэта была адзіная дзяржава ў ЭЗ, дзе забараняліся разводы.
«Для Мальты настае новая эра, у якой дзяржава аддзеліцца ад царквы», - заявіў лідар руху за легалізацыю скасаваньня шлюбу Джэфры Арлянда.
Зараз справа за парлямэнтам выспы, які павінен прыняць адпаведны закон. Пасьля гэтага на плянэце застанецца толькі дзьве краіны, дзе забароненыя разводы, - гэта Ватыкан і Філіпіны.
7 чэрвеня Эўрапейская камісія абвясьціла конкурс праектаў па праграме "Эўрапейскі інструмэнт спрыяньня дэмакратыі й правам чалавека. Агульная мэта дадзенага конкурсу – ва ўзмацненьні ролі грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў сфэры захаваньня правоў чалавека й правядзеньня дэмакратычных рэформаў, пошуку кансэнсусу і ўзаемаразуменьня ў спрэчных або супярэчлівых пытаньнях, а таксама ў забесьпячэньні прадстаўніцтва і ўдзелу ў палітычных працэсах.
Падрбязную інфармацыю аб конкурсе праектаў можна атрымаць у Прадстаўніцтве Эўрапейскага Зьвязу ва Ўкраіне й Беларусі:
вул. Круглаўнівэрсытэцкая, 10, г. Кіеў, 01024, Украіна.
дг