http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=156882

Пратэстнае лета ў Беларусі?

09.06.2011

Апошнія гады лета лічылася самай спакойнай парой у беларускім палітычным календары. Большасьць выбарчых кампаніяў прыпадала на восень, зіму ды вясну. Апазыцыя таксама летам ня ладзіла масавых акцыяў. У гэтым годзе сытуацыя крыху зьмянілася. Чаму?

На днях у Беларусі, у асноўным у Менску ды абласных гарадах, адбыўся шэраг нетыповых акцыяў пратэсту. Замест шэсьцяў, мітынгаў ды пікетаў на вуліцы гарадоў выехаді абураныя аўтамабілісты, а на плошчы выйшлі карыстальнікі сацыяльных сетак. Сабраныя не выкрыквалі ніякіх лёзунгаў, не маніфэставалі. Што гэта за форма пратэстаў? У Беларусі некаторыя журналісты акрэсьлілі гэтыя акцыі “аўтамабільнай рэвалюцыяй” або “маўклівай рэвалюцыяй”. Іншыя назвалі гэта бунтам лукашэнкаўскай сярэдняй клясы. Ці сапраўды гэта рэвалюцыя або бунт? Якія сілы стаяць за ёю? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да палітоляга ды нашага камэнтатара Паўла Усава.

Павал Усаў: На сёньняшні дзень гэта цяжка назваць рэвалюцыяй ці бунтам. Гэта неарганізаваныя сымбалічныя пратэсты супраць агульна таго, што адбываецца ў Беларусі. У асноўным, яны адбываюцца ў Менску, дзе значна большыя апазыцыйныя настроі ў дачыненьні да Лукашэнкі. У рэгіёнах увогуле нічога не адбываецца, там людзі пагадзіліся з крызыстнай сытуацыяй, якая ўзьнікла ў краіне. У Менску ж пратэсты ніяк не зьвязаныя з апазыцыяй. Магчыма, гэта толькі пачатак грамадзкіх пратэстаў, не зьвязаных з апазыцыйнымі структурамі ці структурамі НДА.

Беларускія ўлады пакуль у разгубленасьці ад апошніх пратэстаў. У адрозьненьні ад апазыцыйных акцыяў, міліцыя гэтым разам нікога не затрымлівала. Гэтаксама даволі лагодна праавахоўныя ворганы паставіліся да пратэстаў аўтааматараў. На думку, аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, ўлады баяцца “сецевых пратэстаў”.

Аляксандар Класкоўскі: Улады абмежаваліся штрафамі, гэта сьведчаньне таго, што яны баяцца. Была салідарнасьць, нават міліцыя выказвала разуменьне пратэстам. Кожнага зачапіла дэвальвацыя ды шалёны рост цэнаў. Таму ўлады баяцца караць. Аднак, калі пратэсты будуць працягвацца, улады не завагаюцца ўжыць больш жорсткія мэтады. Пакуль жа будуць працаваць латэнтна, праз спэцслужбы, як умеюць.

Цяпер пакуль зарана казаць, ці гэтыя пратэстныя ініцыятывы ператворацца ў нешта большае ды масавае. Аднак улады пільна прыглядаюцца гэтым працэсам, пра што сьведчаць затрыманьні на мінулым тыдні адміністратараў суполак у сацыяльных сетках, якія заклікаюць да больш актыўных пратэстаў. Тым больш, зазначае Павал Усаў, што ўлады не ліквідуюць пратэстнай базы, якой зьяўляецца пагаршэньне эканамічнага становішча ў краіне.

Павал Усаў: Гэта ня стане шырокім масавым супрацівам, а застанецца больш вузкімі групавымі выступамі. Масавыя пратэсты пачнуцца толькі тады, калі ў гэтыя пратэсты ўключыцца больш шырокая група грамадзства, перш за ўсё працоўныя беларускіх заводаў. Гэта можа наступіць толькі пры далейшым пагаршэньні сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне. Умовы для гэтага ёсьць. Але ў рэжыма яшчэ ёсьць рэпрэсіўны рэсурс.

Спантанныя акцыі пратэсту, якія прайшлі ў Менску, выклікалі шырокі грамадзкі рэзананс ды нейкую разгубленасьць ва ўладзе. Гэта сьведчаньне росту пратэстных настрояў у краіне. Аднак улады маюць дастатковы рэпрэсіўны рэсурс.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч