http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=1569

Ахова здароўя ў Польшчы й краінах OECD

18.07.2003
Найноўшы рапарт Арганізацыі Эканамічнага Супрацоўніцтва й Разьвіцьця OECD, які датычыць выдаткаў на сыстэму аховы здароўя, прыносіць цікавыя інфармацыі. Выдаткі на мэдычныю апеку ў краінах, якія належаць да Арганізацыі, растуць у вялікай ступені з увагі на рост коштаў фармацэўтыкаў ды паяўленьне новых дарагіх тэхналёгіяў. Згодна з дадзенымі рапарту, краіны гэтыя выдалі ў сярэднім 8,4% свайго Валавага Нацыянальнага Прадукту на ахову здароўя ў 2001 годзе. Найбольш выдаюць амэрыканцы – 4900 даляраў на асобу – гэта больш чым падвойная сярэдняя сума ў краінах OECD, якая складае 2100 даляраў. Падзел на крыніцы фінансаваньня прадстаўляецца наступным чынам: у краінах, што належаць да Арганізацыі Эканамічнага Разьвіцьця й Супрацоўніцтва, у сярэднім 72% фінансавых сродкаў паходзіць з грамадзкіх крыніцаў, а 28% - з прыватных. Найменшы удзел грамадзкіх крыніцаў назіраецца ў Злучаных Штатах Амэрыкі – 44%, а найбольшы ў скандынаўскіх краінах – больш за 80%. Пры гэтым звыш 90% грамадзянаў у краінах OECD карыстаецца грамадзкай сыстэмай, а ў ЗША – толькі 25%. Няўжо гэтыя дадзеныя сведчаць пра тое, што прыватная сыстэма больш эфэктыўная?

Выдаткі на мэдычную апеку растуць ва ўсіх краінах. Толькі ў Вугоршчыне цягам апошніх дзесяці гадоў панізіліся й стабілізаваліся на ўзроўні ад 6,7 да 6,8% ВНП.

Іншыя дадзеныя паказваюць, што найбольш часу ў шпіталях праводзяць карэйцы – 11 дзён, а найменш – мэксыканцы – 3,6 дня. У сваю чаргу полькі праводзяць 5,5 дня ў шпіталі пасьля нараджэньня дзіцяці, што зьяўляецца другім – за Аўстрыяй – найдаўжэйшым вынікам сярод краінаў Арганізацыі Эканамічнага Разьвіцьця й Супрацоўніцтва.

Апрача гэтага, занепакойваюць у Польшчы дадзеныя, датычныя агульных выдаткаў на сыстэму аховы здароўя, якія лічацца на падставе парытэту пакупной здольнасьці. Эўразьвяз у сярэднім на мэдычную апеку выдае 7,9% Валавага Нацыянальнага Прадукту, а Польшча ў 2001 годзе выдала 6,3% ВНП. Згэтуль можна зрабіць выснову, што, каб дасягнуць сярэдняй Эўразьвязу, трэба ў Польшчы павялічыць штогадовыя выдаткі на сыстэму аховы здароўя на 1,6% ВНП, значыць, на крыху больш за 3 мільярды амэрыканскіх даляраў, пры ўмове, зразумела, што выдаткі ў краінах Эўразьвязу ня будуць зьмяняцца. Сёньня Польшча выдае ў суме –як прыватна, гэтак і зь дзяржаўнага буджэту – 11,9 мільярда даляраў. Варта пры гэтым памятаць, што буджэт Нацыянальнага Фонду Здароўя складае прыблізна 30 мільярдаў злотых угод – гэта 7,5 мільярда даляраў.

Найбольшым недахопам сыстэмы аховы здароўя ў Польшчы зьяўляецца тое, што вялікія фінаснавыя сродкі патрэбныя на мадэрнізацыю й паляпшэньне эфэктыўнасьці паслугаў. Няма сумневаў, што за жаданьне мець паслугі на сусьветным узроўні трэба многа заплаціць. Польшча не зьяўляецца такой багатай краінай, каб дазволіць сабе на выдаткаваньне гэтых сродкаў зь дзяржаўнай касы.

Існуючая да апошняй рэформы сыстэма Касаў Хворых магла вырашыць гэтую праблему, калі б прызначаныя на яе грошы ўмела інвэставаліся. Касы Хворых былі аднак надта хутка ліквідаваныя. Пакліканы на іх месца Нацыянальны Фонд Здароўя можа аказацца скарбонкай бяз дна, у якую ўвесь час прыдзецца падкідаць грошы.

Найбольшай праблемай зьяўляецца пытаньне, адкуль узяць 12 мільярдаў злотых – значыць, 3 мільярды даляраў – на тое, каб дасягнуць сярэднезьвязаўскага ўзроўню. Адказ даволі просты. Выхадам зь сёньняшняй сытуацыі мог бы аказацца такі спосаб увядзеньня прыватных мэдычных паслугаў, каб пацыент мог выбіраць паміж прыватнай і дзяржаўнай сыстэмамі. Кожны, хто захоча карыстацца прыватнай сыстэмай, будзе падрыхтаваны на тое, каб плаціць вышэйшыя складкі, але будзе карыстацца мэдычнымі паслугамі на спэцыяльных умовах. У Польшчы паяўляюцца ўжо першыя прыватныя шпіталі. Аднак дзеля рэалізаваньня такога пляну патрэбная палітычная воля ды, зразумела, пазытыўнае стаўленьне да яго грамадзтва.

Рычард Мбэвэ