А сёньня, дарагія сябры, у нашым радыёпадарожжы накіруемся ў Вэнэцыю. Але не ў італьянскую, а ў польскую. Так, так, у Польшчы таксама ёсьць свая Вэнэцыя: так называюць горад Быдгашч, разьмешчаны ў паўночнай частцы краіны. Думаю, што тлумачыць няма неабходнасьці, чаму польская Вэнэцыя: проста горад раскінуты сярод каналаў ды іншых водных шляхоў. Быдгашч – адзін зь нямногіх польскіх гарадоў, дзе ў навігацыйны сэзон пастаянна курсуюць невялічкія турыстычныя судны, якія тут называюць воднымі трамваямі.
Праз Быдгашч, праўда, не праз самы цэнтар, працякае Вісла – найдаўжэйшая й найбольш паўнаводная польская рака. Праз цэнтар жа гораду млява цячэ Брда ды меншая рака Млынуўка. Акрамя таго, Быдгашч рассякае Быдгасцкі канал – найстарэйшы водны шлях у Польшчы, пабудаваны ў 1774 годзе. Ён спалучае Віслу й Одэр і ў мінулым меў вялікае гаспадарчае значэньне. У Быдгашчы ёсьць і іншыя меншыя каналы, якія разам ствараюць цэлую сетку водных шляхоў, пераплятаючых горад, і ўтвараючы маляўнічыя выспы з разьмешчанымі на іх помнікамі гісторыі ды архітэктуры.
Дарэчы, я ўзгадаў Вэнэцыю... У горадзе менавіта ёсьць квартал, які называецца Быдгасцкая Вэнэцыя. Гэта архітэктурны комплекс старой часткі гораду, разьмешчаны непасрэдна на беразе ракі Млынуўка. Гісторыя Быдгасцкай Вэнэцыі пачалася ў 19-м стагодзьдзі. Пад канец веку на беразе ракі ўжо красаваліся прыгожыя камяніцы, аб’екты малой прамысловасьці ды кавярні й рэстараны. Прычым параўнаньне з Вэнэцыяй абсалютна правільнае, бо тут, так як і ў італьянскім горадзе, дамы стаяць на самым беразе вадаёмаў, а муры некаторых абмываюцца вадой. Прычым большасьць пабудоваў захавалася ў добрым першапачатковым стане.
А паколькі ў Быдгашчы шмат водных шляхоў, дык нямала мастоў ды пешаходных кладак, многія зь іх – шэдэўры дойлідзтва. Як, напрыклад, Млынскі мост, пабудаваны ў 1791 годзе. Цягам стагодзьдзяў ён некалькі разоў праходзіў рэканструкцыю, яго архітэктура мянялася, але, нягледзячы на гэта, захаваў прыцягальны характар старой пабудовы. На ім зачынены рух транспарту, так што пешаходы могуць прайсьці спакойным шпацырам па гістарычным аб’екце ў гістарычным цэнтры гораду.
Дзякуючы арыгінальнаму разьмяшчэньню ды архітэктуры ў Быдгашчы праходзіць мноства культурных мерапрыемстваў, тут дзейнічае адзін з найлепшых у Польшчы опэрных тэатраў - Опэра Нова. Акрамя таго, горад вельмі зялёны – тут налічваецца 31 гарадзкі парк плошчай больш за 2 га, што дае другое месца па колькасьці зялёных тэрыторый пасьля Варшавы. Прычым у Быгдашчы пражывае каля 360 тыс. чалавек.
Адным словам Быдгашч – унікальны горад, з упэўненасьцю можна сказаць, што іншага такога ў Польшчы няма. Запрашаем вас у Быдгашч: пазнаёміцца з арыгінальнай архітэктурай польскай Вэнэцыі, праехацца на караблі па каналах, а вечарам выпіць каву на беразе аднаго са шматлікіх каналаў. Уражаньні, рамантызм і адпачынак душы гарантаваныя, а пры нагодзе можна крыху заашчадзіць: усё ж польская Вэнэцыя, Быдгашч – таньнейшая, чым італьянскі арыгінал, ды й напэўна бліжэй зь Беларусі. Такім чынам, да сустрэчы на берагах маляўнічай Быдгашчы!
вс