http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157
Гуманітарная дапамога для Іраку
01.04.2003
Дары для іракцаў, гуманная дапамога, едуць, між іншым, са Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі, Кувэйту, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, а таксама ад няўрадавых арганізацыяў Польшчы. Му сёньня гутарым са спадарыняй Янінай Ахойскай, кіраўніком няўрадавай арганізацыі Польская Гуманітарная Акцыя. Як выглядае збор дараў для цывільнага насельніцтва Іраку ў Польшчы?
- Трэба сказаць , што дапамога толькі пачалася. Мы абвесьцілі свой заклік 20 сакавіка, але ад моманту гэтага закліку да моманту паяўленьня першых сродкаў на нашых банкаўскіх рахунках заўжды мусіць мінуць крыху часу. Паявіліся ўжо першыя сыгналы ад людзей, якія хочуць даць нам грузавікі ў канвой, зьвяртаюцца ўжо некаторыя фірмы з дапамогай. Паявілася таксама адно з выдавецтваў, якое, уводзячы на рынак пэўны жаночы часопіс, адмовілася ад прынагоднага балю й 50 тысяч злотых перадае на дапамогу Іраку. Так што ўсё памалу раскручваецца. Думаю, што неўзабаве ўжо можна будзе сказаць пра буйнейшыя сумы, якія трапляюць на наш рахунак. Неабходны ўдзел мэдыяў, каб паказваць вайну ня толькі з тэхнічнага боку, але не забывацца й пра ахвяр. Я думаю, што гэта абудзіла б чалавечую фантазію, людзі захацелі б уключыцца ў дапамогу ахвярам вайны.
Вы кажаце, што збор дараў толькі пачынаецца, раскручваецца. Але ёсьць таксама меркаваньні, што людзі ў Польшчы ня надта ахвотна дапамагаюць тым, хто ў тэлевізійных навінах паводзіць сябе даволі агрэсіўна, нягледзячы на тое, што дапамога ім, несумненна, патрэбная.
- Я ня ведаю, як будзе выглядаць нашая дапамога для Іраку, бо гэта залежыць ад ахвярнасьці людзей. Цяпер цяжка нешта плянаваць, але думаю, што яшчэ зарана казаць пра надта слабую рэакцыю людзей. Палічыце, калі ласка: каб першыя грошы трапілі на рахунак, мусіць мінуць дзень-два. Пазьней гэтая інфармацыя трапляе да нас. Так што зарана яшчэ казаць пра гэта. Зразумела, я таксама думаю пра тое, якой будзе рэакцыя людзей. Гэтая сытуацыя нетыповая, яна як іспыт для палякаў. Я памятаю, што калі пачалася павадка ў Чэхіі, таксама білі ў званы, маўляў, палякі мала даюць, маўляў, чаму такія скнэры. А потым дапамога пайшла літаральна лавінай, і, дзякуючы грошам, якія мы сабралі для Чэхіі ды Нямеччыны, мы былі ў стане шмат што зрабіць. Таму зарана яшчэ наракаць. Лепей задумацца, што сказаць людзям, каб заахвоціць іх дапамагчы.
Што Вы сказалі б тым, хто скептычна ставіцца да такой прапановы – дапамагаць ірацкаму цывільнаму насельніцтву?
- Я ведаю, што любая вайна вядзе да ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва. Я ведаю таксама, што на нашых тэлеэкранах адбываецца прапагандная вайна. Абодва бакі канфлікту паказваюць такія сцэны, якія маюць нешта даказаць. Вельмі часта рэальны вобраз вайны выглядае зусім інакш. Я неаднаразова ў гэтым пераконвалася, і таму я ўпэўненая, што ёсьць вельмі шмат цывільных ахвяраў, што дапамога вельмі патрэбная, і што колькасьць людзей, якія ў гэтым таксама пераканаюцца, будзе расьці.