Суды над затрыманымі ўчора на памежным пераходзе “Брузгі” кіроўцамі адкладваюцца. Затрыманыя падчас страйку 15 чалавек пачакаюць на разгляд сваіх справаў, паколькі сёньня ў Гарадзенскім раённым судзе няма ніводнага судзьдзі, усе яны знаходзяцца на розных выязных паседжаньнях.
Учора ў Брузгах АМАП разагнаў акцыю пратэсту. Інцыдэнт распачаўся прыкладна а 18 гадзіне. Паводле інфармацыі відавочцаў, супрацоўнікі беларускай мытні не выпускалі на тэрыторыю Польшчы кіроўцаў, якія выязджалі туды другі дзень запар. Падставай для такіх дзеяньняў сталі пастановы ўраду пра абмежаваньне й забарону вывазу за мяжу аўтамабільнага паліва й некаторых спажывецкіх тавараў.
Каля сотні вадзіцеляў, якія пратэставалі супраць новых правілаў, перакрылі дарогу на памежным пераходзе. На месца інцыдэнту прыбылі байцы міліцэйскага спэцназу. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у Брузгі прыязджаў кіраўнік Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра, які выслухаў прэтэнзіі мітынгоўцаў і папярэдзіў іх пра адказнасць.
Незадаволеныя кіроўцы былі разагнаныя толькі пасьля прымяненьня сьлезаточнага газу. 15 чалавек затрыманыя. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Горадні, дзе чакаюць суду.
кр/вясна