http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157094

За мяжу -- раз на пяць дзён!

13.06.2011

Учора беларускія ўлады ўвялі новую пастанову, якая зьмяніла правіла вывазу шэрагу тавараў за мяжу. На адным з памежных пераходаў Брузгі фактычна спыніўся пропуск людзей за мяжу, што прывяло да стыхійнага страйку. Затое зьменшыліся чэргі на мяжы, - кажуць у Памежным камітэце.

12 чэрвеня пачалі дзейнічаць новыя правілы вывазу паліва ды шэрагу тавараў пры перасячэньні мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ, якія моцна абмежавалі вываз розных прадуктаў, у тым ліку бэнзыну ды дызэльнага паліва зь Беларусі. Учора ўвечары перад памежным пераходам “Брузгі” адбылася стыхійная акцыя пратэсту, выкліканая незадавальняючай працай памежных службаў. Паводле словаў Юрыя Істоміна, памежнікі фактычна перасталі выпускаць людзей у Польшчу.

Юры Істомін: Я сам быў на мяжы ў гэты час. Мяне адправілі назад, бо я быў два дні таму ў Польшчы, у мяне было 10 літраў бэнзыну ў баку. Дазволена мець паліва толькі да бліжэйшай запраўкі за мяжой. Аднак у пастанове ёсьць пункт, што можна заплаціць пошліну за перавышаную норму паліва. Аднак гэта немагчыма зрабіць, бо няма інструкцыі, як гэта плаціць. На польскай мяжы фактычна заблякаваны выезд, бо памежнікі ня могуць прапусьціць людзей, якія нават хочуць заплаціць розьніцу ў коштах.

Паводле словаў Аляксандра Цішчанкі, прэсавага сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, ніякіх абмежаваньняў на выезд зь Беларусі няма. Забаронены толькі вываз некаторых тавараў. Тыя, хто езьдзяць часьцей, чым раз на пяць дзён, могуць мець у баку толькі 5 літраў, за большую колькасьць трэба плаціць мыта.

Аляксандар Цішчанка: Няма ніякіх абмежаваньняў па выезду ды перакрочваньню мяжы. Ёсьць абмежаваньні па перавозу паліва й некаторых сацыяльна важных тавараў. Раз на пяць дзён можна езьдзіць з поўным бакам. У іншых выпадках толькі з аплатай пошліны. Яе будзе прымаць мытня, у ашчадных касах, якія знаходзяцца ў пунктах пропуску. Усе рахункі пададзены ў пастанове, таксама пра гэта паведамляла мытня на сваім сайце.

У Брузгах жа адбылася стыхійная акцыя пратэсту. Людзі, якія чакалі ў чарзе на пераход мяжы, абураныя паводзінамі мытнікаў, заблякавалі дарогу да памежнага пераходу. Да пратэстуючых прыехаў старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра. Але, як паведамляе “Наша Ніва”, размовы не атрымалася, і міліцыя  пры дапамозе сьлезацечнага газу, разблякавала праезд. На гэтым страйкі ня скончацца, перакананы Юры Істомін, кіраўнік гарадзенскай суполкі АГП. 

Юры Істомін: Гэта быў стыхійны страйк, там быў заблякаваны праезд памежнікаў ды мытнікаў, якія ехалі на зьмену. Людзі пратэставалі супраць таго, што іх не пускаюць за мяжу. Я думаю, што гэта працягнецца. Зараз да мяне зьвярталася некалькі дзясяткаў чалавек, каб зрабіць арганізаваны страйк на прававой аснове супраць гэтай палітыкі ўладаў Беларусі.

Іншае бачаньне гэтай падзеі ў Памежным камітэце. Гэта была перашкода ў працы памежнага пераходу, - кажа Аляксандар Цішчанка.

Аляксандар Цішчанка: Каля 300 чалавек, прадстаўнікоў чаўночнага бізнэсу, сорак машын, палова без рэгістрацыйных нумароў, заблякавалі дарогу на выезд у Польшчу перад пераходам “Брузгі” з 18:30 да 21:00 12 чэрвеня. Было затрымана 15 арганізатараў ды ўдзельнікаў, высьветлена больш за 100 ўдзельнікаў. За перашкоды ў працы пункту пропуску гэтыя 15 асобаў пастаўлены на ўлік і ім абмежаваны выезд зь Беларусі. У нас ёсьць абавязкі перад польскім бокам ды краінамі ЭЗ, каб памежная інфраструктура працавала бяз збояў.

Сёньня павінны былі адбыцца суды над зытрыманымі ўчора падчас мітынгу ў Брузгах 15 асобамі. Аднак гэтага не адбылося, - паведамляюць гарадзенскія апацыянэры. Кажа старшыня гарадзенскай суполкі БНФ Вадзім Саранчукоў.

Вадзім Саранчукоў: Учора было затрымана недзе 15 чалавек з акцыі пратэсу ў Брузгах. Але суд на імі, які меўся сёньня адбыцца, адкладзены.

Прычыны пратэсту маюць эканамічны характар. Памежны гандаль стаў за апошнія гады галоўнай магчымасьцю ўтрыманьня альбо дадатковага заробку для многіх беларусаў. У камэрцыйныя паездкі ў Польшчу езьдзілі нават людзі з больш аддаленых гарадоў, як Слонім. Распавядае лекар Іван Шэга.

Іван Шэга: Некаторыя мае калегі рабілі камэрцыйныя паездкі ў Польшчу. Нешта там прадавалі, нешта куплялі. Закошт гэтага людзі паляпшалі крыху свой дабрабыт. Вядома, калі цяпер гэта забаронена, людзям гэта абрэзалі. Таму нейкія пратэсты будуць.

У сёньняшніх эканамічных умовах паездкі за мяжу сталі шмат для каго магчымасьцю застрахаваць свае цяжка заробленыя грошы, - кажа памежны жыхар Сяргей.

Сяргей: Цяпер забаранілі вываз папяросаў ды дызпаліва, бэзыну, а людзям выязджаць можна колькі заўгодна. Людзі езьдзілі туды, каб нешта прадаць, а потым нешта сабе набывалі: хто тавар, а хто грошы мяняў. У нас жа не памяняеш, даляраў у банках няма. Народ езьдзіў за мяжу, каб застрахаваць свае грошы.

Паводле словаў Аляксандра Цішчанкі, прэсавага сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэту, адна паездка раз на пяць дзён – гэта нармальна. Тыя ж, хто вывозіў паліва – гэта не бізнэсоўцы, а спэкулянты.

Аляксандар Цішчанка: Такі графік вызначаны з улікам таго, што звычайна людзі езьдзяць па выходных да сваякоў, адпачываць і так далей. Гэта нармальна. А вось вам іншы прыклад, сярод высьветленых удзельнікаў пратэстаў была сямейная пара, якая напярэдадні ўвядзеньня пастановы, 11-га чэрвена, 15 разоў на пяці машынах перасякла пункт пропуску “Брузгі”. Нармальныя людзі, якія едуць адпачываць, у камадзіроўку і г.д, вымушаныя з-за гэтых чаўнакоў стаяць па некалькі дадатковых гадзінаў. З уводам пастановы сытуацыя з колькасьцю пераходаў пачынае нармалізавацца.

Адсутнасьць чэргаў на мяжы – гэта добра. Аднак ці сапраўды сытуацыя нармалізуецца, пакуль цяжка сказаць. Пратэст у Брузгах – гэта ўжо чарговы стыхійны пратэст грамадзтва ў Беларусі за апошнія тыдні. Нядаўна ў Менску пратэставалі аўтааматары супраць высокіх коштаў на паліва.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч