http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157119

МВФ рэкамэндуе Беларусі адпусьціць курс рубля

14.06.2011

Міжнародны валютны фонд прапануе ўраду й Нацыянальнаму банку Беларусі адмовіцца ад падвышэньня зарплаты й адпусьціць курс рубля. Ці будзе МВФ выдзяляць для Беларусі стабілізацыйны крэдыт, пакуль рашэньне не прынятае. Гаворыць кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Крыс Джарвіс.

К.Джарвіс:  У Беларусі сур’ёзны эканамічны крызыс, але ёсьць выхад. Мы рэкамендавалі дзяржаўным органам – прэзыдэнту, ураду, Нацыянальнаму банку - працаваць разам, каб распрацаваць дакладны плян па выхаду з крызысу. Яны мусяць патлумачыць насельніцтву, што й якім чынам мусяць гэта зрабіць. Вытокі крызыса ляжаць у лішкавым аб’ёме крэдытаваньня й росьце аплаты працы, калі гэтага ня трэба было рабіць.

Міжнародны валютны фонд раіць правесьці поўную лібэралізацыю на ўсіх сэгмэнтах валютнага рынку і ўніфікацыю абменнага курсу беларускага рубля. “Валютны рынак зараз не працуе”, — канстатаваў кіраўнік місіі. Таму МВФ раіць перайсьці на рэжым плаваючага абменнага курсу, адмовіцца ад росту зарплаты й перайсьці на свабоднае курсаўтварэньне.

К. Джарвіс: Людзі ня хочуць прадаваць замежную валюту, у выніку ўзнікае дэфіцыт валюты, якую можна было б набыць па афіцыйным курсе. Пры гэтым добра вядома, што купля-продаж валюты адбываецца па адрозным ад афіцыйнага абменнага курса. Але гэта адбываецца ў непразрыстай форме, ня выключана, што ёсьць некалькі абменных курсаў, што вядзе да перакосаў. Апроч таго, ні урад, ні Нацыянальны банк ня маюць дакладнага ўяўленьня наконт таго, што можна назваць рэальным рыначным курсам. Гэта ўскладняе працу па фармуляваньню эканамічнай палітыкі, бо абменны курс ёсьць важным паказчыкам. На наш погляд, перавагі плаваючага абменнага курса ў тым, што ўсе будуць ведаць, чаму ён роўны, курс будзе вызначацца ў выніку попыту-прапановы. Гэта дазволіць аблегчыць доступ для набыцьця замежнай валюты, ураду й Нацбанку будзе прасьцей ацэньваць, наколькі правільную эканамічную палітыку яны праводзяць. Але я падкрэсьліваю, што мы прапануем комплекс мераў. І ён спрацуе, калі будуць рэалізаваныя ўсе прапанаваныя ў ім меры. Плаваючы абменны курс спрацуе толькі ў тым выпадку, калі Нацбанк зробіць больш жорсткай крэдытную палітыку, падвысіць працэнтныя стаўкі, а дзяржава больш жорсткай зробіць бюджэтную палітыку.

“Дзяржаве варта скараціць бюджэтны дэфіцыт і не дапускаць павышэньня зарплаты ў бягучым годзе. Мы ведаем, што цэны растуць, і ў гэтых умовах без павышэньня зарплаты складана існаваць. Але значнае павышэньне зарплаты прывядзе да новага росту коштаў і атрымаецца замкнёны круг”, -- адзначыў прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду. 

Крыс Джарвіс паведаміў, што пачаліся перамовы аб магчымасьці падрыхтоўкі новай праграмы супрацоўніцтва. Аднак гаварыць аб аб’ёмах фінансавай дапамогі пакуль рана.

Нагадаем, 31 траўня ўрад і Нацбанк Беларусі накіравалі ў МФВ запыт на прадастаўленьне краіне стабілізацыйнага крэдыту. Паводле слоў прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, Менск зьвяртаецца па 3,5-8 млрд. даляраў на тэрмін 3-5 гадоў.

Марыя Кароль