http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157227

Грэцыю паралізавала ўсеагульная забастоўка

15.06.2011

Грэцыю паралізаваў усеагульны страйк. Не працуе грамадзкі транспарт, шпіталі аказваюць мэдычную дапамогу толькі ў экстраных выпадках, радыё й тэлебачаньне не трансьлююць выпускаў навінаў. Грэкі пратэстуюць супраць чарговага абмежаваньня дзяржаўных выдаткаў. Наколькі моцнае абурэньне ў грэцкім грамадзтве? Ці не паграджае эканамічны крызыс у Грэцыі стабільнасьці эўра? Сытуацыю тлумачаць польскія спэцыялісты па міжнародных справах.

У сераду парлямэнт Грэцыі павінен быў прыняць плян рэформаў, які прадугледжвае чарговае абмежаваньне заробкаў ды ільготаў у дзяржсэктары, а таксама павышэньне падаткаў. Балючыя рэформы патрэбныя, каб атрымаць крэдыт ад Эўрапейскага Зьвязу ў памеры 28 мільярдаў эўра.

Супраць пляну выступілі найбуйнейшыя прафсаюзы. Яны арганізавалі ўсеагульную забастоўку. Некалькі тысячаў маніфэстантаў спрабавалі ачапіць парлямэнт, каб не даць дэпутатам ухваліць праект рэформаў. Паліцыя разагнала іх пры дапамозе сьлезацечнага газу. У паліцыянтаў у адказ ляцелі ўпакоўкі ёгурту, камяні й нават бутэлькі з запальнай сумесьсю. 

Грамадзкія пратэсты ў Грэцыі не сьціхаюць больш за год – расказвае Патрык Тапароўскі з Польскага інстытуту міжнародных справаў.

П. Тапароўскі: Пачынаючы з  траўня мінулага году, калі Грэцыі прапанавалі першы пакет рэформаў, сутычкі з паліцыяй адбываюцца ўжо ў 15 раз. У іх бяруць удзел людзі, якіх балюча закранула рэзкае скарачэньне дзяржаўных выдаткаў. Частка зь іх страціла працу, некаторым урэзалі заробкі ды ільготы, некаторым павысілі падаткі. Былі й іншыя прычыны пратэстаў.

Крызыс ударыў па грэках асабліва балюча яшчэ й таму, што яны яго абсалютна не чакалі. Тое, што ўвесь Эўразьвяз лічыць абмежаваньне дзяржаўных выдаткаў адзіным выйсцем са складанай сытуацыі – слабое суцяшэньне для грэцкакіх грамадзянаў, кажа Войцех Бародзіч-Смаліньскі з Цэнтру міжнародных стасункаў.

В. Бародзіч-Смаліньскі: Структурныя рэформы дзяржаўных выдаткаў, неабходныя для выхаду Грэцыі з крызысу, балюча б’юць па грамадзтве. Скарачэньне  бюджэтных выдаткаў заўсёды цяжка прыняць. Тое, што ўся Эўропа перакананая ў неабходнасьці такіх дзеяньняў у Грэцыі, абсалютна не азначае, што ў гэтым павінна быць перакананае само грэцкае грамадзтва. Трэба пямятаць, што да пачатку гэтага крызысу грэкі жылі ў поўнай ўпэўненасьці, што ўсё ў парадку. Яны верылі, што дзяржава плацёжаздольная й можа выдзеліць любую колькасьць грошай на любыя мэты.

Да крызысу прывялі неўтаймаваныя дзяржаўныя выдаткі, якія сталі прычынай велізарнай дзяржаўнай запазычанасьці. Доўгі час урад Грэцыі фальсіфікаваў статыстыку, каб укрыць перад іншымі краінамі ЭЗ памеры свайго доўгу. На думку аналітыкаў, на ліквідаваньне гэтай запазычанасьці, нават пры дапамозе Эўразьвязу, пойдзе больш за дзесятак гадоў.

Ці могуць эканамічныя праблемы Грэцыі дэстабілізаваць эўрапейскую валюту? За эўра ня трэба баяцца – суцяшае занепакоенасьць Патрык Тапароўскі.

П. Тапароўскі: Грэцыя ў эканамічным пляне зьяўляецца настолькі малой краінай, што яе праблемы не паўплываюць на  стабільнасьць эўразоны. Канешне, напружанасьць будзе, бо на рынках захоўваецца няпэўнасьць. Але яна не прывядзе да якіх-небудзь катастрафічных наступстваў для эўрапейскай валюты. Я б гэтага не баяўся.

Крызыс у Грэцыі зьяўляецца тэстам на салідарнасьць і моц Эўразьвязу – лічыць Войцех Бародзіч-Смаліньскі.

В. Бародзіч-Смаліньскі: Калі асобныя краіны адмовяцца несьці салідарную адказнасьць за прыняцьцё агульнай валюты й Грэцыю папросяць выйсьці з эўразоны, то гэта будзе значыць, толькі тое, што Эўрапейскі Зьвяз слабы й ў ім няма адзінства. Што тычыцца пагрозы для зоны эўра – на гэты конт ёсьць розныя погляды. Фактам зьяўляецца аднак тое, што калі б Грэцыя мела ўласную валюту, то выйсьце з такога крызысу было б лягчэйшым і не абцяжарвала бы так моцна іншых чальцоў Эўразьвязу. 

Тым часам, у сераду міністрам фінансаў краінаў ЭЗ не ўдалося дасягнуць кампрамісу ў справе чарговага крэдыту для Грэцыі. Міністры згаджаюцца, што дапамогу аказаць трэба, але яе сума пакуль застаецца нявызначанай. У перамовах гучыць лічба ў 90 мільярдаў эўра.

Аляксандар Папко