Аргкамітэт па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя плянуе пачаць працу ў кірунку некалькіх кампаній.
Найперш ставіцца мэта дамагчыся вызваленьня палітвязьняў краіны. Таксама хрысьціянскія дэмакраты будуць ладзіць інфармацыйную кампанію аб прычынах эканамічнага крызысу й дамагацца правядзеньня свабодных выбараў.
Сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі гаворыць, што да людзей трэба ісьці ня толькі з тэмаю эканамічнага крызысу.
Віталь Рымашэўскі: Бліжэйшыя месяцы кампанія будзе накіраваная на вызваленьне палітычных вязьняў і правядзеньне ў Рэспубліцы Беларусь свабодных выбараў на ўсіх узроўнях. Нягледзячы на тое, што для большасьці грамадзян сёньня больш на відавоку эканамічная праблема, мы мяркуем, што цяпер у Беларусі, пасьля падзей 19 сьнежня, пасьля масавых рэпрэсій, пасьля прысудаў былым кандыдатам у прэзыдэнты як ніколі зручны час, каб патлумачыць беларускаму грамадзтву сувязь эканамічных і палітычных працэсаў.
У межах кампаніі за свабодныя выбары й вызваленьне палітвязьняў плянуецца правесьці пікеты, распаўсюдзіць інфармацыю пра прычыны эканамічнага крызысу, вынікі выбараў і вынікі судовых працэсаў у сувязі са справай 19 сьнежня 2010 года ў Менску, а таксама зладзіць збор подпісаў пад патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня палітычных вязьняў. Апроч таго, БХД будзе зьвяртацца да міжнародных арганізацый, каб яны праяўлялі салідарнасьць. “Будзем дамагацца куратарства дэпутатаў парлямэнтаў дэмакратычны краін сьвету над усімі без выключэньня палітвязьнямі”, -- гавораць кіраўнікі БХД.
БХД таксама заклікае усе міжнародныя структуры і ўрады дэмакратычных краін устрымацца ад правядзеньня перамоў, у тым ліку зьвязаных з палітычным і з эканамічным супрацоўніцтвам, з прадстаўнікамі уладных структур Рэспублікі Беларусь да моманту вызваленьня усіх палітзьняволеных.
Таксама хрысьціянскія дэмакраты маюць намер змагацца за зьніжэньне колькасьці абортаў у Беларусі. Для гэтага БХД прапануе скараціць тэрмін цяжарнасьці, пры якім дапускаюцца аборты, увесьці права лекара на адмову ад правядзеньня аборту, аказваць дзяржпадтрымку СМІ, якія прапагандуюць мацярынства й адказнае бацькоўства. Гаворыць сустаршыня аргкамітэта партыі Аляксей Шэйн.
Аляксей Шэйн: Мы лічым, што вельмі важна напрацаваць добрую заканатворчую базу, якая потым магла б быць прыдатнай для вырашэньня гэтых пытаньняў. Мы вымяраем стрыжнявое пытаньне – дэмаграфічнае – і пакуль няма ніякага адказу. У нас месячная дапамога на дзіця дазваляе купіць толькі два пакункі пампэрсаў. А лёзунгі, якія кідаў Лукашэнка, маўляў, давядзём насельніцтва Беларусі да трыццаці мільёнаў жыхароў... З такой палітыкай сытуацыя будзе толькі пагаршацца.
Аляксей Шэйн заявіў, што цяпер узмацніўся ціск на рэлігійныя суполкі за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацый, таму БХД будзе ініцыяваць адмену ч.1 артыкула 193 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Марыя Кароль