Удзельнікаў нядзельнай акацыі пратэсту на памежным пераходзе Брузгі працягваюць прысуджаць да астранамічных штрафаў. На гэты раз судзяць тых, каго зафіксавалі міліцэйскія відэакамэры.
Усё новых і новых удзельнікаў акцыі пратэсту ў Брузгах выклікаюць у Гарадзенскі абласны суд, дзе ім выпісваюць грашовыя спагнаньні. Сума самага малога штрафу раўняецца 850 тысячам рублёў. Самага вялікага – 2 мільёнам 800 тысячам рублёў, паведаміў Польскаму Радыё гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў. Сярэднямесячны заробак у Горадні рэдка перавышае мільён – кажуць нам суразмоўцы.
Пакараныя людзі знаходзяцца ў поўнай разгубленасьці й чуюць сябе бездапаможнымі – паведамляе Віктар Сазонаў.
В. Сазонаў: Цяжка вызначыць, колькі асобаў былі аштрафаваныя, бо адносяцца яны да катэгорыі людзей, якія раней спакойна працавалі й ніколі ня ўдзельнічалі ў ніякіх палітычных акцыях. Яны няват ня ведаюць, да якіх праваабаронцаў, журналістаў, палітычных структураў зьвярнуцца па падтрымку й дапамогу. Яны ня ведаюць, што рабіць...
У нядзелю ў Брузгах кіроўцы перакрылі памежны пераход не таму, што пратэставалі супраць забароны вывозіць бэнзін, а таму, што памежнікі ўвогуле не пускалі іх за мяжу – ані з поўнымі бакамі, ані з пустымі, тлумачыць аштрафаваны ўдзельнік пратэсту Аляксей.
Аляксей: Я хацеў проста выказаць сваё меркаваньне. Я ўбачыў натоўп і далучыўся да яго, стаяў і чакаў сустрэчы з губэрнатарам. Я хацеў выказаць яму сваё меркаваньне наконт рэжыму перасячэньня мяжы. А ў выніку атрымаў штраф – за тое, што хацеў абараніць свае правы. Паводле Канстытуцыі кожны грамадзянін мае права свабодна перасякаць мяжу ў любым накірунку. Я быў нязгодны з тым, што памежнікі не пускалі нас у Польшчу – нават з пустымі бакамі.
Пасьля нядзельнага пратэсту кіроўцаў пачалі прапускаць празь мяжу, спраўдзіўшы перад гэтым колькасьць паліва ў баках. Але велізарны штраф Аляксею усё роўна трэба заплаціць. Кара за выказваньне свайго меркаваньня стала сапраўдным шокам як для яго, так і для іншых удзельнікаў пратэсту ў Брузгах – кажа Аляксей.
Аляксей: Міліцыянты здымалі пратэст на відэа, але людзі абсалютна не спадзяваліся, што іх за выраз сваіх грамадзянскіх пазыцыяў могуць так жорстка пакараць. Ніхто не хаваў свайго твару. Ніякіх масак, у адрозьненьне ад АМАПу, не апранаў. Мы проста стаялі, размаўлялі, ніхто не прымяняў сілу, не супраціўляўся, ня біўся. Людзі стаялі цьвярозыя, з цьвярозым розумам і хацелі выказаць сваё меркаваньне наконт падзеяў, якія адбываліся. Першы раз сутыкаюся з такой несправядлівасьцю. Ня думаў, што ў нас так парушаюць грамадзянскія свабоды...
Улады пасьпяшаліся растлумачыць, што ў Брузгах пратэставалі “кантрабандысты”. Пратэставалі ня толькі і ня столькі махляры, колькі звычайныя людзі, якім трэба карміць свае сем’і – кажа Аляксей.
Аляксей: Кантрабандысты, якіх я ведаю ў твар, стаялі ў баку. Яны не прымалі ўдзелу ў пратэсьце. На гэты пешаходны пераход у Брузгах выйшлі тыя, хто сапраўды зарабляў сабе на кавалак хлеба. Пратэст сасьпеў. Не было б пікету ў Брузгах, ён быў бы на плошчы Савецкай ці плошчы Леніна. Людзі проста хацелі выказаць сваё меркаваньне наконт росту цэнаў і падзеньня ўзроўню жыцьця, паўдзельнічаць хоць у якой-небудзь акцыі пратэсту.
У Горадні цяжка знайсьці працу. Шматлікія сем’і жывуць з таго, што вязуць у Польшчу гарэлку, цыгарэты ды салярку ў баках сваіх машынаў, а назад прывозяць невялікія партыі значна таньнейшых за беларускія польскіх тавараў. “Дваццаць гадоў дробны памежны гандаль нікога не хваляваў, а цяпер ім зацікавіліся. Хіба з-за таго, што спратрэбілася знайсьці вінаватых”, – абураецца Аляксей.
Улады ганьбяць так званых “кантрабандыстаў”, але ім у галаву не прыходзіць, што гэты фэномэн – перадусім віна саміх уладаў. Да гэтак званага “мурашовага” гандлю жыхароў памежжа змушае беспрацоўе – тлумачыць гарадзенскі грамадзкі актывіст Эдуард Дзьмухоўскі.
Э. Дзьмухоўскі: Каб пракарміць сваю сям’ю, чалавек на польска-беларускім памежжы вымушаны займацца так званай “кантрабандай”. Людзі возяць тавар туды-сюды, апранаюць на сябе па некалькі куртак, хаваюць, перавозяць... І дзякуючы гэтаму на гарадзенскіх рынках ёсьць танныя й даволі якасныя тавары з Польшчы. Дзяржаўныя крамы сёньня выглядаюць як у часы Савецкага Саюзу – пустыя паліцы, няма таго, да чаго мы прызвычаіліся: якаснага мыла, парфумэрыі. На прылаўках усё стаіць шэрае, нецікавае, расейскай ці беларускай вытворчасьці.
У сераду гарадзенская міліцыя прадставіла СМІ здымкі шыкоўных палацаў, у якіх нібыта жывуць мясцовыя “кантрабандысты”. Вось як на гэтую інфармацыю рэагуе Аляксей, якому памежны гандаль дапамагае ўтрымаць сям’ю.
Аляксей: Можа нехта й жыве так, я не спрачаюся. Але няхай лепш апублікуюць “харомы” нашых чыноўнікаў і спраўдзяць, на якія грошы яны пабудаваныя. Там будзе не адзін-два дамы, як яны апублікавалі, а дзесяткі дамоў – і нашмат багацейшых.
Каб жыхары памежжа не займаліся сумнеўным гандлем, не стараліся здабыць Карту паляка й адправіць сваіх дзяцей як мага далей ад Беларусі, трэба ствараць месцы працы на Гарадзеншчыне, трэба павышаць якасць навучанья ў мясцовых ВНУ. Пакуль жа ўлады дзейнічаюць аднымі забаронамі. Такія дзеяньні проста неадэкватныя й могуць толькі узмацніць абурэньне людзей – кажа гарадзенскі грамадзкі актывіст Эдуард Дзьмухоўскі.
Аляксандар Папко