Менгарвыканкам вызначыў месцы ў сталіцы, дзе можна й нельга праводзіць масавыя мерапрыемствы. Адпаведнае рашэньне апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У якасьці пастаянных для правядзеньня масавых мерапрыемстваў (за выключэньнем вулічных шэсьцяў і дэманстрацый) вызначаныя цэнтральная сцэнічная пляцоўка парку Дружбы народаў на плошчы Бангалёр, летні тэатр парку Культуры й адпачынку імя 50-годзьдзя Вялікага Кастрычніка, а таксама пляцоўка каля фантана ў Кіеўскім сквэры.
Правядзеньне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца на Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасьці й плошчы Перамогі, праспэкце Пераможцаў, праспэкце Незалежнасьці й шэрагу іншых месцаў. Гэтая забарона ня тычыцца мерапрыемстваў, названых у частцы 3 артыкула закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь".
У адпаведнасьці з дакумэнтам "пры правядзеньні масавага мерапрыемства павінны забяспечвацца бясьпека грамадзян, захаванасць будынкаў, збудаваньняў, транспартных сродкаў і іншай маёмасьці, функцыянаваньне арганізацый, бесперабойны рух транспарту й пешаходаў, а таксама выкананьне іншых патрабаваньняў у адпаведнасьці з заканадаўствам Беларусі".
Рашэнне Менгарвыканкама № 1554 набывае моц пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня ў газэце "Минский курьер".
кр/БелаПАН