http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157458

Сваякі палітвязьняў адзначылі паўгоду разгону Плошчы (аўдыё+фота)

20.06.2011

Споўнілася паўгоду з трагічнага разгону Плошчы. Учора сваякі палітвязьняў і проста неабыякавыя людзі прайшлі шляхам Плошчы – ад Кастрычніцкай да Незалежнасьці. Без сьцягоў – міліцыянты папярэдзілі, што ў адваротным выпадку будуць затрыманьні. Дамовіліся, што за бел-чырвона-белыя парасоны хапаць ня будуць.

Гаворыць Тацьцяна Кім, маці Андрэя Кіма. Раней Андрэй ужо знаходзіўся ў зьняволеньні, а пасьля Плошчы быў вымушаны зьехаць за мяжу, каб зноў не патрапіць у турму.

Тацьцяна Кім: Мы прыйшлі да касьцёла сьвятога Язэпа, там памаліся за палітзьняволеных. А потым прайшлі тым шляхам, якім усе ішлі 19-га сьнежня – ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці. Мы прайшлі без усялякіх лёзунгаў, проста каб паказаць, што мы памятаем. Нам стала лягчэй на душы! І я думаю, што палітзьняволеныя адчулі неяк вось гэты дух – бо мы пра іх думалі, бо мы ішлі дзеля іх.

Размаўляем з Тацьцянай Кім пасьля акцыі пры ўваходзе ў Чырвоны касьцёл. Храм служыць людзям схованкай – бо аўтобус зь міліцыянтамі й спэцслужбоўцамі ўжо пашыхтаваны непадалёк. Людзі ўваходзяць у храм праз галоўны ўваход, а потым мяняюцца вопраткай і выходзяць праз іншы, каб пазьбегнуць затрыманьня.

Тацьцяна Кім: Нам не дазволілі трымаць партрэты палітвязьняў. Мы за іх маліліся – і таму надзелі партрэты сабе на грудзі. Але да нас падышлі й сказалі, што трэба зьняць. І, як звычайна, здымалі нас на камэру.

Гэтыя акцыі адбываюцца ўжо паўгоду, штомесяц 19 чысла. Як вы лічыце, чаму на іх прыходзіць так няшмат людзей?

Тацьцяна Кім: Я мяркую, бо нашая краіна не хрысьціянская, мала хто зь людзей верыць у моц малітвы, ставяцца да гэтага несур’ёзна. Ня вераць, што пачуюць адказ на сваю малітву…

Спадарыня Тацьцяна, вам ужо давялося пабываць у скуры мамы палітвязьня, калі ваш сын знаходзіўся ў зьняволеньні. Цяпер ён вымушана знаходзіцца за мяжой. Вы адчуваеце сябе зноў мамай палітвязьня?

Тацьцяна Кім: Канечне! Я ніколі ня ведала, што гэта так цяжка!.. Мне здавалася, што – зьехаў, знаходзіцца ў бясьпецы – і добра. Нічога падобнага! Бо там ім нясоладка, ніхто іх там не чакае… Нават з пункту гледжаньня элемэнтарнага камфорту – ты ў гасьцях. Здавалася б, сын дарослы ўжо, але паўгоду няма – і паўгоду сэрца рвецца. Канечне, не параўнаць з адчуваньнем тых, у каго сваякі ў зьняволеньні, але таксама цяжка…

Сын спадарыні Тацьцяны Андрэй Кім, знаходзячыся ў вымушаным выгнаньні, разгарнуў маштабную акцыю “Падпішы паштоўку палітвязьням”. Вядомыя дзеячы культуры – музыка Юры Шаўчук, публіцыст Віктар Шандаровіч, мастак Андрэй Більжо, музычны крытык Арцемі Троіцкі, тэлевядоўца Міхаіл Шац, акторка Чулпан Хаматава ды іншыя ўжо падпісалі паштоўкі, а таксама запісалі відэазвароты да беларускіх палітвязьняў ды незалежнай супольнасьці.

Вашаму сыну Андрэю ўдалося там за мяжой разгарнуць шырокую кампанію ў падтрымку палітвязьняў! Усе дзівяцца: адкуль у яго такія сувязі, што такія вядомыя дзеячы ўдзельнічаюць у гэтай акцыі?

Тацьцяна Кім: Гэта ж ня сувязі, гэта – чалавечая годнасьць! Пэўна ж, ёсьць і такія, хто адмовіўся зь нейкіх сваіх прычынаў. Аднак Андрэй гаворыць, што ні ў якім разе нікога не асуджае. Бо шмат хто – пагадзіўся! Андрэй нікога ня ведае асабліва... А вось цяпер будзе ведаць! Мяне вельмі крануў зварот Чулпан Хаматавай. Сэнс яго такі прыкладна – “ад турмы ды ад сумы...” Бо калі мы сёньня ня будзем падтрымліваць гэтых зьняволеных – заўтра кожны з нас можа там апынуцца…

Мы гутарылі з Тацьцянай Кім, мамаю актывіста Андрэя Кіма. Учора яна ўзяла ўдзел у акцыі, каб адзначыць трагічныя паўгоду з даты разгону Плошчы 19 сьнежня.

Арцём Багданаў, Менск