http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157473

Краявідныя скарбы Беларусі - касьцёл у Сар'і

02.07.2011

Марыя памерла месяц таму, а боль усё не сьціхаў. Пан Лапацінскі змахнуў сухую галінку з надмагільля маладой жонкі. Пачыналася травеньская раніца 1851 г. Буслы ўжо клекаталі на ўсю акругу. Хутка прачнуцца Соф'я й Станіслаў. Трэба жыць дзеля дзяцей. Ігнат паплёўся да хаты. Магчыма, менавіта ў гэты дзень забіты горам удавец, прадстаўнік шляхецкага роду Лапацінскіх, задумае ўзьвесьці велічны касцёл. У памяць пра памерлую. Сёньня гэты храм для Беларусі ўнікальны. Аналягі ёсць толькі ў Закарпацьці й Вільні.

Некаторыя лічаць, што мястэчка абавязана сваёй назвай зьвілістай рачулцы Сар’янцы. А вось аматары паданьняў упэўнены: назва вёскі зьявілася дзякуючы вольным земляробам – сар’янам, што наймаліся час ад часу да фэадалаў.

А вось і рэшткі гэтага самага мінулага – ландшафтны парк XIX ст. Суцэльныя вынаходніцтвы! Стараньнямі вяскоўцаў у ім яшчэ захаваліся партэры, гасцявыя паляны, нейкія неймаверныя горачкі. Флёра ня меней экзатычная: польскія лістоўніцы, срэбныя таполі і ўжо зусім дзіўнае дрэва – рэліктавая хвоя з Кіпра!

Да Сьвята-Ўспенскай царквы пяць хвілін хады. Храм выбудаваны ў нэагатычным стылі. Прадстаўнікоў готыкі ў Эўропе нямала, а вось падобных на гэты няма... Выдатную царкву часта параўноўваюць то зь велічнай каронай, то са старадаўнім арганам. Можа, менавіта тут стаяў Ігнат Лапацінскі прахалоднай травеньскай раніцай амаль 200 гадоў таму.

Лапацінскія валодалі вёскай яшчэ з XVI ст. У свой час берасьцейскі ваявода Мікалай Лапацінскі хутка дапетрыў, што сар’янская зямля – ласы кавалак. Па-першае, да цывілізаванай Вільні рукою дастаць, па-другое, прыгожыя месцы тут: лясныя масівы, рэкі, азёры. У 1753 г. ваявода выкупіў паўночную перліну ў Аляксандра Сапегі. Можна сказаць, што з гэтага моманту Сар’я й пачала квітнець. Нашчадкі Мікалая то наведвалі, то пакідалі радавое гняздо. Напэўна, першы, хто тут моцна асеў, быў праўнук ваяводы Ігнат.

Ігнат быў рамантычнай і чулай натурай. Напэўна, спакойна й разьмерана пражыў бы ён сваё жыцьцё, але закахаўся горача ў дачку афіцэра Станіслава Шумскага. Яго нават не хвалявала, што нявеста была беспасажніцай (па тагачасных мерках – недазваляльная раскоша для арыстакрата!). Маладога Лапацінскага не зьбянтэжыла й бунтарскае мінулае патэнцыйнага цесьця: бацька Марыі падчас вайны 1812 г. ваяваў на баку Банапарта. Насуперак усім забабонам закаханыя ўсе ж ажаніліся. Шлюбнаму шчасьцю Лапацінскіх і цешыліся, і зайздросьцілі, і дзівіліся. Іх адносіны не пахіснуліся нават пасьля страты сына-першынца. Вось толькі расплюхалася любоўная чара раней часу: Марыя не перанесла трэціх родаў... З тых часоў удавец практычна пасяліўся ў магілы сваёй жонкі, вырашыўшы ўзвесьці касцёл у яе гонар. Пан Лапацінскі больш ніколі не ажаніўся...

Ігнат сьпяшаўся: замовіў праект вядомаму архітэктару Густаву Шахту, і ўжо ў чэрвені дзясяткі прыгонных узяліся за працу. Да восені заклалі падмурак касцёла.

У канцы восені 1853 г., калі будаўніцтва набліжалася да завяршэньня, у маёнтак для разгляду прыбыў службовец па адмысловых даручэньнях Алфёраў. Лапацінскі паспрабаваў пераканаць яго ў тым, што будуе помнік жонцы й сыну: "Я жадаю перанесьці ў яго бюсты памерлых продкаў. Вы ж бачыце, што будоўля побач з радавымі могілкамі... Няўжо маліцца за родных – злачынства?" Службовец спагадліва ківаў, але па вяртаньні ўсё ж напісаў губэрнатару данос.

У 1857 г. ўпарты Ігнат дабудаваў і высьвяціў касцёл у імя св. Марыі. Акрамя таго, яшчэ й школу для вясковых дзяцей самавольна адчыніў. За гэта яго ледзь не саслалі ў Сібір.

Пазьней Ігнат вырашыў стварыць ля касцёла годнае асяродзьдзе. Так зьявіўся й выдатны ландшафтны парк. Лапацінскі нават бакоўкі ў маёнтку збудаваў у духу нэаготыкі.

Але апошняе слова ў гісторыі стварэньня храма засталося за царскім урадам: у 1872 г. касцёл высьвяцілі ў Васкрасенскую царкву...

ак