http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157553

Сайт беларускай міліцыі апублікаваў ліст з агрэсіўнымі заклікамі (аўдыё)

22.06.2011

17 чэрвеня на афіцыйным сайце Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі быў апублікаваны ліст, у якім чытач сайту заклікае міліцыю бязь літасьці распраўляцца з арганізатарамі пратэстаў у Беларусі. “Мы хацелі паказаць альтэрнатыўны пункт гладжаньня”, – заяўляюць у МУС. Публікацыяй павінна заняцца пракуратура – кажуць праваабаронцы.

У выглядзе асобнага артыкулу на сайце Мністэрства ўнутраных справаў быў апублікаваны ліст, дасланы чытачом. Беларус, які шмат гадоў жыве ў Латвіі, заклікае міліцыянтаў бязьлітасна распраўляцца з тымі, хто ўдзельнічае ў пратэстах ў Менску ды іншых гарадах. Артыкул выклікаў хвалю абурэньня.

Прыводзім дакладныя цытаты зь лісту, апублікаванага на афіцыйным сайце беларускай міліцыі (выбачаемся за абразьлівыя ды слэнгавыя звароты, пунктуацыя арыгіналу захаваная).
“Многа “шакалаў” разьвялося ў Беларусі, ірвуцца да ўлады ўроды, любымі шляхамі хочуць прайсьці наверх, нягледзячы ні на што. Паважаныя землякі, калі ласка, нікога з гэтых здраднікаў не шкадуйце, асабліва больш надавайце ўвагі тым, хто працуе “пад дурня”. Гэта яны ўсе прыкідваюцца, яны дурні ў свой бок, ясен перац губа ня дура, ведаюць, як на шару праскочыць на чужым гарбу. […] Асабліва сачыце за тымі, хто пад выглядам сваёй “нацыянальнай ідэі” прасоўвае свае празаходнія рэакцыйныя пляны.”

Чытач таксама папярэджвае міліцыянтаў. Маўляў, тыя, хто пяройдуць “на іншы бок барыкадаў”, будуць пазьней усё роўна звольненыя новай уладай са сваіх пасадаў, як гэта адбылося ў Латвіі.

“Не шкадуйце ўсю гэтую “шушару” – гэта не беларускі народ, а толькі нейкая кучка баламутаў і мудакоў”, – заканчвае свой бадзёры зварот грамадзянін, чый ліст міліцыя надрукавала на сваім афіцыйным сайце.

“Артыкул не адлюстроўвае афіцыйнага меркаваньня Міністэрства ўнутраных справаў”, – заявіў намесьнік начальніка Упраўленьня грамадзкіх сувязяў Міністэрства ўнутраных справаў Канстанцін Шалькевіч. Міліцыянты выбралі гэты ліст, бо хацелі прадставіць альтэрнатыўны пункт гледжаньня на пратэсты ў Беларусі – кажа Канстанцін Шалькевіч.

К. Шалькевіч: Меркаваньне чытача не адлюстроўвае меркаваньня МУС, і мы ня будзем гэтага камэнтаваць. Гэта толькі ліст, дасланы нам чытачом. Тым ня менш, я лічу, што гэта не адзінае такое меркаваньне наконт масавых беспарадкаў, якія ў нашай краіне спрабуюць арганізаваць, у тым ліку з дапамогай сацыяльных сетак.  Хтосьці ж павінен расказаць народу, што ў Інтэрнэце ёсьць ня толькі тое меркаваньне, якое распаўсюджваюць сотні сайтаў, якія называюць сябе апазыйнымі ці нейкімі яшчэ.

Тлумачэньне прадстаўніка МУС праваабаронцы лічаць незадавальняючым. Аўтар артыкулу спрабуе распаліць сацыяльную варожасьць, таму тэкст ня меў права зьяўляцца на афіцыйным сайце міліцыі – лічыць былы пракурорскі супрацоўнік ды праваабаронца Алег Воўчак.

А. Воўчак: Мы абмеркавалі артыкул з калегамі й лічым, што гэты тэкст трэба ўспрымаць як распальваньне сацыяльнай варожасьці. За такія дзеяньні прадугледжана крымінальная адказнасьць. Я ўвогуле лічу, што на галоўным сайце МУС з этычных меркаваньняў не павінныя былі публікаваць абразьлівыя матэрыялы з заклікамі да прымяненьня сілы супраць тых людзей, якія будуць пратэставаць.

Ліст напісаў злобны чалавек недэмакратычных поглядаў – кажа адвакат Гары Паганяйла. Кожны мае права выказвацца. Але публікацыя такога камэнтару ў выглядзе артыкулу на сайце дзяржустановы недапушчальная. З гэтай нагоды варта зьвярнуцца ў пракуратуру – кажа праваабаронца.

Г. Паганяйла: Калі перадаць гэты тэкст спэцыялістам, яны могуць прыйсьці да высновы, што гэты тэкст сапраўды можна ацаніць па крымінальным артукуле аб распальваньні непрыязьні па палітчных і сацыяльных матывах. Праваабаронцам трэба было б зьвярнуцца ў пракуратуру.

Публікуючы гэты артыкул, міліцыя парушае прынцып неперадузятасьці. Міністэрства ўнутраных справаў павінна быць па-над палітычнай барацьбой, а не зьяўляцца рупарам уладаў – лічыць палітоляг Аляксандар Класкоўскі. На думку аналітыка, ліст апублікаваны, каб запалохаць саміх міліцыянтаў.

А. Класкоўскі: У краіне растуць пратэсты. Наверсе, відаць, расьце паніка. Таму і ўжываецца такі некарэктны прыём. Пачынаюць страшыць міліцыянтаў: маўляў, глядзіце, калі зьменіцца ўлада, то й вы пацерпіце. Даюць зразумець, што ня трэба цырымоніцца, ня трэба прытрымлівацца законаў – маўляў, мясіце, бо іначай самі станеце ахвярамі.

 Меркаваньне юрыста Алега Воўчака яшчэ больш жорсткае.

А. Воўчак: Пракуратура павінна неадкладна ўзбудзіць крымінальную справу. Міліцыю яўна падбухторваюць да незаконнага прымяненьня фізычнай сілы. На наш погляд, гэта робіцца яшчэ дзеля таго, каб падтрымаць дух міліцыі падчас акцыяў пратэсту. І ў судах, і ў міліцыі пасьля палітычных працэсаў, а асабліва пасьля надыходу эканамічнага крызысу, шырацца ня самыя ляяльныя настроі. Гэты тэкст – гэта псыхалягічны штуршок, каб усе трымаліся разам .

Ніхто ня зьдзівіцца, калі жорсткія аднабаковыя матэрыялы пакажа беларускае тэлебачаньне ці надрукуе сайт “Хартыя 97”. Але калі Міністэрства унутраных справаў бярэ на сябе ролю газэты “Советская Белоруссия”, гэта выглядае недарэчна, а нават падазрона – лічаць камэнтатары.


Аляксандар Папко