Рыгор Максімовіч у артыкуле пад назовам Спрэчка пра дакумэнты якіх не было (у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с.77-81) зьвяртае ўвагу на публікацыі Віктара Сукяньніцкага ў парыскім польскім месячніку „Культура”( Wiktor Sukiennicki, „Rara avis” czyli o Litwinach mówiących po polsku, w: „Kultura”, №12, Paryż 1972, s. 47) ды М. Ромэра пад назовам Літва (M.Romer, Litva, Lwów 1908, s. 19), у якіх паведамлялася, што адным з апошніх дакумэнтаў Рэчыпаспалітай у літоўскай мове была справаздача дэлегатаў Вялікага Княства, што былі высланыя да Белай Царквы на перамовы з Хмяльніцкім. Перамовы з Багданам Хмяльніцкім адбываліся ў 1651 г. Дакумэнты ў той час пісаліся ня ў мове летувіска-жамойцкай, але старабеларускай – адзначыў Р.Максімовіч. Дарэчы, у якасьці водгуку на публікацыю В. Сукяньніцкага напісаў пра гэта на старонках „Культуры” й З.С. Сямашка (Z.S. Siemaszko, List do Redakcji, w: „Kultura”, № 3, Paryż 1973, s. 154), а значна раней, у 1918 г. вядомы польскі мовазнаўца А. Брукнэр (Aleksander Bruckner, Z niwy białoruskiej, Kraków 1918, s. 3-5) адзначыў, што ўрадавай мовай на ўсёй Літве была старая беларуская мова, а тагачасны тэрмін літоўская мова значыць сёньня беларуская мова, а не жамойцкая гаворка, як памылкова ўспрыняў гэта М. Ромэр.
„Увесь час кажам „літоўскі, ліцьвін”, але гэта толькі заміж „беларускі, беларус”, бо ў 1510 г. пра запраўдную этнаграфічную Літву ніхто й ня сьніў; Рэй яшчэ ў 1562 годзе ліцьвіном беларуса называў, а ў Маскве і ў XVІІ стагодзьдзі „літовский” тое самае, што „беларускі”.” (Aleksander Bruckner , Rusko-polski rękopis z r. 1510, w: „Slavia”, VII, Praha 1928, s.10-11; зa: Р. Максімовіч, Спрэчка пра дакумэнты якіх не было, у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 79).
Ня толькі на ўсходзе Эўропы, але й на захадзе пад літоўскай мовай разумелася славянская. Энэй Сыльві Пікаляміні (пазьнейшы папа Пій ІІ) пісаў, што Літва мяжуе з Польшчаю ад усходу, а мова народу славянская. Гартман Шэдэль, аўтар слаўнае ў сваю пару нюрнбэрскае Хронікі сьвету, напісаў у 1493 г. пры вопісе Літвы, што мова гэтага народу „вэндыйская”. Такамас Ян Коклес Норык у 1511 г. пісаў пра ліцьвіноў, што карыстаюцца славянскай мовай. Гэтак жа й Ян Багемскі ў 1538 г. паясьніў, што мова жыхароў Літвы, як і палякаў, славянская (Р.Максімовіч, Спрэчка пра дакумэнты якіх не было, у: ,,Запісы”, № 13, Нью-Ёрк 1975, с. 79).
Назоў літоўская мова замацаваўся за летувіска-жамойцкай толькі ў XІX ст. Літоўская мова ніколі не была дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага. Нельга карыстаца сёньняшняй тэрміналёгіяй дзеля вопісу ранейшых стагодзьдзяў, але трэба прачытаць хаця б прадмову да напісанага па-беларуску Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. аўтарства вялікага канцлера літоўскага Льва Сапегі, якую прывёў Янка Запруднік (Дзяржаўнасьць Беларусі ў дасавецкую пару, у: ,,Запісы”, № 15, Нью-Ёрк 1977, с. 3-22):
„А если которому народу встыд прав своих не умети, поготовю нам, которые не обчым якым языком, але своим власным права списаные маем и кождого часу чого нам потреба ку отпору всякое кривды ведати можем” (Тамсама, с.18).
У XVІ ст. ролю роднае мовы дацаніў М. Даўкша ў прадмове да выдадзенае ў Вільні перакладное кнігі з польскае мовы Каталіцкая Пастыльля, але пра гэта слухайце праз тыдзень.
Ніна Баршчэўская