http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157620

Вайна ў Лібіі. Калі й чым яна скончыцца?

22.06.2011

Вайна ў Лібіі. Калі й чым яна скончыцца? Хто будзе яе весьці – Эўразьвяз, NATO ці ЗША? А можа толькі Францыя й Вялікабрытанія? На гэтыя й іншыя пытаньні спрабавалі адказаць амэрыканскія, польскія й брытанскія экспэрты, зпрошаныя на канфэрэнцыю, якая адбылася ў сераду ў Польскім інстытуце міжнароднах справаў.

Удзельнікі канфэрэнцыі “Погляд на Лібію з атлянтычнай пэрспэктывы” не раздавалі слухачам бадзёрых абяцаньняў. Невядома, колькі яшчэ будзе трываць вайна ў Лібіі – кажуць экспэрты, але захоўваюць асьцярожны аптымізм.

Францыя й Вялікабрытанія ад самага пачатку недаацэньвалі моцы Кадафі. Распачынаць бамбардыроўкі, думаючы, што яны прывядуць да падзеньня дыктатара, было наіўным – кажа брытанскі аналітык Гарэт Чэпэл.

Г. Чэпэл: Памылкай было пачынаць ваенную апэрацыю, думаючы, што ўсталяваньне безпалётнай зоны ці авіяўдары прывядуць да адхіленьня Кадафі ад улады. Галоўная мэта апэрацыі – спыненьне вайны й забойства мірных жыхароў, а ня зьмена рэжыму. Брытанскі ўрад памылкова думаў, што выкарыстоўваючы ваенную сілу можна дасягнуць мэту, пра якую ён адкрыта не казаў.

Канфлікт можа цягнуцца яшчэ доўгія месяцы – кажа Гарэт Чэпэл. І невядома, чым ён скончыцца. Неабавязкова падзеньнем Кадафі – кажа аналітык.

Г. Чэпэл: Вельмі шмат брытанцаў зьдзіўленыя тым, як доўга трымаецца Кадафі. Мы недаацэньвалі яго з самага пачатку. Мы ня ведаем, адыдзе ён ад улады альбо згодзіцца на спыненьне агню. Гэта пакажа толькі час. Я хачу падкрэсьліць, што мы зьвязаныя рэзалюцыяй ААН. Яна кажа пра спыненьне баявых дзеяньняў. Адхіленьне жа Кадафі ад улады – гэта іншая рэч.

Сябры NATO не праявілі салідарнасьці. Увесь цяжар апэрацыі яны фактычна ўсклалі на плечы Францыі й Вялікабрытаніі. Большасьць эўрапейскіх чальцоў блёку выказалі падтрымку толькі на словах, не выдзеліўшы ані грошай, ані вайсковай тэхнікі. Вайсковае супрацоўніцтва ў рамках Эўрапейскага зьвязу, якое Эўропа будавала больш за 10 гадоў, таксама аказалася недзеяздольным. І NATO, і Эўразьвяз пасьля гэтай вайны ўжо ня будуць ранейшымі – мяркуе польскі палітоляг Олаф Асіца.

О. Асіца: І NATO, і Эўразьвяз будуць зусім іншымі пасьля Лібіі. Пытаньне ў тым, ці захаваецца Сумесная палітыка бясьпекі й абароны, якую краіны Эўропы будавалі з 1999 году. Быць можа, эўрапейская сыстэма бясьпекі будзе перабудаваная. Я мяркую, рэгіянальнае супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі было б добрым рашэньнем. Прыкладам можа служыць супрацоўніцтва прыбалтыйскіх краінаў і Скандынавіі ў галіне абароны. Усе дзяржавы рэгіёну маюць аднолькавыя погляды на бясьпеку, і гэта гарантуе салідарнасьць. Варта пачаць ад рэгіянальных ініцыятываў, а ўжо пазьней будаваць эўрапейскую палітыку абароны. Калі ня ўдасца стварыць рэгіянальнага супрацоўніцтва, то мы ўсе прайграем.

Амэрыканскі палітоляг прафэсар Эндру Міхта быў больш упэўнены й аптымістычны. Кадафі будзе адхілены ад улады – перакананы ён.

Э. Міхта: Няма ніякіх сумневаў, што канцом апэрацыі стане адхіленьне Кадафі ад улады і ўсталяваньне новага ўраду ў Лібіі. Ніводная дзяржава не пагодзіцца з варыянтам, калі Кадафі застанецца на пасадзе, а краіна расколецца надвое й ператворыцца ў другое Самалі. Калі мы будзем выкарыстоўваць авіяцыю эфэктыўна, то лібійскія паўстанцы змогуць заняць Трыпалі. Калі ж яны ня будуць у стане гэтага зрабіць, то, магчыма, саюзьнікі будуць вымушаныя паслаць ў Лібію сухапутныя войскі. Усё будзе залежаць ад таго, як будзе разьвівацца сытуацыя.

Злучаныя Штаты, як чалец NATO, будуць дапамагаць Фрацыі й Вялікабрытаніі, але ня возьмуць на сябе кіруючай ролі – кажа Эндру Міхта. Амэрыканскае грамадзтва лічыць вайну ў Лібіі справай эўрапейцаў. Французы й брытанцы здольныя разабрацца з Кадафі ўласнымі сіламі – перакананы прафэсар.

Э. Міхта: Канешне, яны могуць гэта зрабіць! Пытаньне толькі ў тым, колькі сілаў і тэхнікі яны захочуць задзейнічаць, каб завершыць справу. Лібія не зьяўляецца магутнай у вайсковым пляне дзяржавай. Яна мае армію трэцяга гатунку й хісткі палітычны рэжым, які можа абрынуцца ў любы момант. Патрэбна толькі палітычная воля на тое, каб выдзяліць дастаткова сродкаў, сабраць дастаткова сілаў. Тады ўсё будзе скончана за некалькі дзён.

Вялікабрытанія настроена давесьці вайну да канца – кажа брытанскі экспэрт Гарэт Чэпэл. Лёндан ня можа пакінуць Лібію, бо Кадафі пачне помсьціць тэрарыстычнымі мэтадамі. Таксама пацерпяць эканамічныя інтарэсы Брытаніі. Справа за Францыяй – падсумоўвае брытанскі аналітык.


 

Аляксандар Папко

 

 

Гарэт Чэпэл, Польскі Інстытут міжнародных справаў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Олаф Асіца, Цэнтар усходніх дасьедваньняў

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Эндру Міхта, Фонд Маршала