http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157744

За прыбыткі дзяржавы плаціць насельніцтва

26.06.2011

З 1 ліпеня 2011 года ў Беларусі будуць дзейнічаць адзіныя для Мытнага саюза стаўкі мытных пошлін і падаткаў на ўвоз аўтамабіляў фізычнымі асобамі.

Краіны Мытнага саюза падпісалі ў 2010 годзе пагадненьне аб парадку перамяшчэньня фізычнымі асобамі тавараў для асабістага карыстаньня празь мяжу Мытнага саюза. Гэты дакумэнт, у прыватнасьці, вызначае стаўкі мытных пошлін на транспартныя сродкі. За аснову такіх пошлін і ставак былі прыняты дзейсныя ў цяперашні час у Расеі мытныя пошліны й падаткі. Яны ў некалькі разоў перавышаюць стаўкі мытных пошлін на ўвоз аўтамабіляў, якія дзейнічаюць пакуль у Беларусі.

За першыя шэсьць месяцаў гэтага года, паводле ацэнак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, колькасьць увезеных з-за мяжы аўтамабіляў складзе прыкладна 200 тысяч на суму каля 1,5 млрд. даляраў. Грамадзяне краіны актыўна імкнуцца памяняць старыя машыны на больш новыя, не сакрэт, што многія на гэта патрацілі істотную частку сваіх зьберажэньняў, тым самым не пакінуўшы “падушкі бясьпекі” на пэрыяд крызысу. Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што гэта натуральная рэакцыя людзей на падвышэньне коштаў.

Дзяніс Мельянцоў: Справа ня толькі ў перапродажы машын. Хаця ёсьць і тыя, хто хацеў абагаціцца. Асабіста ведаю некалькі людзей, якія набылі некалькі “карчоў”, што невядома як перапрадаваць. Але галоўнае ў гэтай рацыі – набыць зараз тое, што будзе потым даражэйшым. Гэта як з цукрам. Яго набывалі не таму, што ён зьнікне, а таму, што будзе больш дарагім.

Эканаміст Сяргей Чалы: Увядзеньне мытных пошлін на патрыманыя аўтамабілі для фізычных асобаў – гэта тыя выдаткі, што плаціць насельніцтва за нашае знаходжаньне ў Мытным зьвязе. Выгоды ад гэтага атрымлівае беларускі бюджэт, дзяржава. Найперш за спрыяльны рэжым гандлю энэргетычнымі таварамі, у дадзеным выпадку нафтаю, на якую няма экспартнай пошліны, што была ўведзеная Расіяй летась. Ну й, магчыма, за кошт таго, што ёсьць мэханізм міжбюджэтнага разьмеркаваньня мытных пошлін на любыя тавары, што будуць увозіцца на тэрыторыя Мытнага саюза, і нашая доля больш высокая, чым мы заслужваем. Атрымліваецца, што ў цэлым для дзяржавы, краіны гэты праект выгодны, але ёсьць моцнае разьдзяленьне, хто ёсьць атрымальнікам выгоды – гэта бюджэт краіны, і хто нясе асноўныя выдаткі.

Маркетоляг і аналітык у галіне аўтамабільнага бізнэсу Аляксей Бабайцаў гаворыць, што цягам бліжэйшых месяцаў аўтадылеры будуць скупляць патрыманыя ня надта старыя машыны ў беларускіх уладальнікаў і перапрадаваць іх у Расіі.

Аляксей Бабайцаў: Яны ацэньваюць гэты від бізнэсу як магчымасьць ім перажыць крызыс. Адносна сьвежыя іншамаркі, што ўвозіліся ў 2008-2009 годзе, будуць перакупляцца й вывозіцца ў Расею, дзе ёсьць попыт. І ён расьце ў Расеі.

Аўтаперагоншчык Аляксандар Іваноў тлумачыць, чаму ў памежных гарадах многія людзі падпрацоўваюць на перагоне аўтамашын.

Аляксандар Іваноў: Размытнёўку не некаторыя віды транспартных сродкаў, прычэпы, запчасткі вызначае часта мытнік – каэфіцыент можна павялічыць ці паменшыць. Гэта прасьцей рабіць у маленькіх гарадках, дзе ёсьць рэгіянальныя мытні. Адпаведна гэта штурхае жыхароў гэтых памежных гарадкоў займацца перагонам аўто на продаж.

Да канца года аналітыкі прагназуюць заміраньне аўтамабільнага рынку краіны. На гэта ўплывае падвышэньне мытных пошлін, множнасьць курсаў валют, пагаршэньне ўзроўню дабрабыту беларусаў.

Марыя Кароль