Берасьцейскі абласны суд 24 чэрвеня прысудзіў да 17 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму 32-гадовага раней несудзімага жыхара Баранавічаў за забойства пяцімесячнай дзяўчынкі.
Злачынства было зьдзейсненае 7 верасьня 2010 года. Мужчына выпіваў разам з бацькам немаўляці ў іх кватэры. Там таксама была бабуля загінулай дзяўчынкі, маці дзіцяці дома не было, паведамляе БелаПАН.
Позна ўвечары, калі бацька й бабуля заснулі, дзяўчынка пачала плакаць. Мужчына паспрабаваў супакоіць дзіцё, але яна працягвала плакаць. Гэта стала раздражняць мужчыну, ён узяў дзяўчынку з калыскі і кінуў яе на падлогу. Пасьля гэтага мужчына пачаў зьбіваць малую рукамі й нагамі, прычыніўшы цяжкія цялесныя пашкоджаньні, ад якіх дзяўчынка памерла.
Пасьля гэтага мужчына прынёс цела дзіцяці на станцыю хуткай мэдыцынскай дапамогі ў Баранавічах.
дг