http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157764

“Калі б адрадзіць сынагогі ў Беларусі, то гэта былі б сапраўдныя пярліны”

26.06.2011

Група польскіх журналістаў і дасьледчыкаў габрэйскай гісторыі й культуры вярнулася нядаўна зь Беларусі. Падчас падарожжа яны наведалі былыя габрэйскія мясцовасьці, гэтак званыя штэтлі, сынагогі, могілкі, а таксама месцы Галакосту. Пра свае ўражаньні ад паездкі яны распавялі ў інтэрвію Польскаму радыё.

Сёньня ў нас у гасьцях Кшыштаф Бяляўскі з Музэю гісторыі польскіх габрэяў і журналістка, кінарэжысэрка Юлія Паплаўска.

Ю. Паплаўска: Мы былі там дзесяць дзён. Увесь гэты час мы пераязджалі зь месца на месца. Мы наведалі 28 былых штэтляў. Усё гэта мы бачылі ў Гарадзенскай вобласьці. Апрача таго, мы пабывалі ў 12-ці школах , дзе нашыя гісторыкі правялі варштаты з моладзьдзю. Яны датычылі гісторыі й культуры габрэяў, якія жылі на тэрыторыі Беларусі да ІІ Сусьветнай вайны. Нашая група наведала больш за 40 могілак і памятных месцаў, зьвязаных з Галакостам.

А як увогуле нарадзілася ідэя наведаць Беларусь?

К. Бяляўскі: Наш музэй вядзе партал “Віртуальны штэтль”. На ім мы апісваем гісторыю габрэяў на тэрыторыі даваеннай Польшчы й, зразумела, на тэрыторыі Беларусі. Цяпер на нашым партале ёсць каля 2 тыс. мясцовасьцяў. А штэтлі ў Беларусь яшчэ мала дасьледаваныя, у нас вельмі мала пра іх зьвестак. Таму роля нашага музэю ў гэтым вельмі важная, бо ў нас ёсьць сродкі на дасьледаваньне габрэйскай спадчыны ў Беларусі. Тым больш, што любы жадаючы ўласнаручна можа дадаць на нашым партале інфармацыю пра сынагогу ці габрэйскія могілкі. Гэта працуе як Вікіпэдыя. Пакуль партал трохмоўны: па-габрэйску, польску й ангельску, але мы ўжо працуем над стварэньнем беларускай вэрсіі. 

Як беларусы, дарэчы, ставяцца да габрэяў і габрэйскай спадчыны ў іх краіне?

К. Бяляўскі: Узровень антысэмітызму ў Беларусі вельмі малы. Мы без аніякіх праблемаў гутарылі зь мясцовым насельніцтвам. У Польшчы, напрыклад, калі мне даводзілася пытваць пра месцазнаходжаньне габрэйскіх могілак, то людзі гэта ўспрымалі варожа. Цяпер, канешне, гэта зьямянецца, бо ў маладых няма такой нецярпімасьці да габрэяў. У Беларусі ўвогуле такой праблемы няма. Калі я пытаўся ў кагосьці пра габрэйскія мясьціны, то мне людзі часам казалі, што іх дом – гэта былы габрэйскі будынак, і запрашалі мяне ў госьці. У Польшчы такія паводзіны малаверагодныя. Мясцовыя габрэі тлумачылі мне, што беларусы вельмі мірны народ і вельмі талерантны.

Ю. Паплаўска: Я б хацела дадаць, што мяне ўразіла колькасьць сынагогаў у Беларусі. У Польшчы ўжо такога не сустрэнеш. Факт, канешне, што яны апусьцелыя й занядбаныя, але яны ёсьць. У некаторых сынагогах сёньня працуюць Дамы культуры, школы й спортзалі. Калі б былі грошы на рэстаўрацыю некаторых зь іх, то гэты былі б сапраўдныя пярліны. Напрыклад, у Слоніме й Ашмянах.

То чаму б іх не адрэстаўраваць пры дапамозе міжнародных арганізацый?

К. Бяляўскі: Беларусь – гэта ўсё яшчэ аўтарытарная краіна, якой кіруе Лукашэнкі. Супраца зь міжнароднымі арганізацыямі можа й ня ўдацца. Вельмі добра й тое, што ўлады не перашкаджаюць габрэйскім арганізацыям у Беларусі. Яны не дапамагаюць і не перашкаджаюць. Яшчэ адна цікавая дэталь. Летась, дарэчы, падчас падобнай паездкі, мы зрабілі важнае адкрыцьцё. Справа ў тым, што мацэвы – намагільныя пліты - на габрэйскіх могілках вырабляліся з драўніны. Да гэтага часу гісторыкі меркавалі, што захаваліся толькі тры мацэвы: у музэях у Празе, Хэльсінкі й Бухарэсьце. Летась на могілках у вёсцы Леніна мы знайшлі некалькі дзясяткаў мацэваў, якім больш за 100 гадоў. Гэта паказвае, якімі каштоўнымі помнікамі гісторыі валодае Беларусь і як важна рабіць дасьледчыцкія экспэдыцыі ў гэтую краіну.

Падчас падарожжа па Гарадзенскай вобласьці Юлія Паплаская зьняла дакумэнтальны фільм пра габрэйскую спадчыну ў Беларусі. Неўзабаве ён зьявіцца на партале “Віртуальны штэтль” -  www.sztetl.org.pl.

дг