http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157835

25 гадоў за здачу шпіёнаў

27.06.2011

Суд Маскоўскай вайсковай акругі прыгаварыў завочна былога афіцэра контрразьведкі Расеі Аляксандра Поціева да 25 гадоў пазбаўленьня свабоды за здраду Радзіме й дэзэртырства. Паводле неафіцыйных дадзеных, былы палкоўнік знаходзіцца недзе ў Паўночнай Амэрыцы. Ён зьнікнуў некалькі дзён пасьля выкрыцьця спэцслужбамі ЗША сеткі з 10 расейскіх шпіёнаў. Паводле расейскага суду, менавіта Поціеў здаў сваіх калегаў амэрыканскай контрразьведцы.
Усе расейскія агенты, дадзеныя якіх, як сьцвярджае пракуратура, раскрыў Поціеў, былі затрыманыя. Празь нейкі час іх абмянялі ў Вене на чатырох амэрыканскіх шпіёнаў, якія сядзелі ў расейскіх турмах. Паводле сьледзтва, Аляксандар Поціеў амаль 10 гадоў працаваў для Цэнтральнага разьведвальнага ўпраўленьня ЗША.
Паводле камэнтатараў, хутчэй за ўсё Поціеў ня пойдзе за краты, бо яго надзейна хаваюць амэрыканскія спэцслужбы. Аглядальнікі адначасова падкрэсьліваюць, што прысуд зьяўляецца свайго роду папярэджаньнем іншым грамадзянам Расеі, якія супрацоўнічаюць альбо плянуюць супрацоўніцтва з разьведкамі замежных краін.      

вс