Ля помніка дойлідзтва ХІІ стагодзьдзя – Сьвята-Барыса-Глебскай царквы ў Горадні разгарнулася грандыёзная будоўля. Узводзіцца запраектаваны адмыслоўцамі інстытуту “Гроднаграмадзянпраект” царкоўна-прыхадзкі комплекс Каложы, у які ўвойдуць дамавая царква й хрысьцільня.
Стары драўляны дом, дзе жыве сьвятар і працуе нядзельная царкоўная школка плануецца зьнесьці. Калі збудуюць царкоўна-прыхадзкі комплекс, пачнецца рэканструкцыя з рэстаўрацыйна-узнаўленчымі працамі ў самой Каложскай царкве. Улады абяцаюць, што будуць праведзены дакладныя навуковыя дасьледаваньні аб’екта й архэалягічныя раскопкі.
Тым часам грамадзкасць ў інтэрнэце шырока абмяркоўвае крыніцы фінансаваньня гэтых прац. Бо не зразумела: адкуль узяліся падчас крызісу эканамічнай сыстэмы ў Беларусі сродкі на пабудову комплексу й рэканструкцыю Каложы.
Летась напярэдадні ўрачыстай прэзэнтацыі “аднаўленчага праекту Каложы” быў адкрыты рахунак у банку, на які можна пералічаць сродкі на рэканструкцыю помніка айчыннага дойлідзтва. Аднак, гэта не адзіная крыніца фінансаваньня праекту.
Вацлаў Галімскі, Горадня