http://www2.polskieradio.pl/eo/dokument.aspx?iid=157871

Працэс над Пачобутам працягнецца 5-га ліпеня (аўдыё)

28.06.2011

Судовы працэс над журналістам «Газэты Выборчай» і дзеячам непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Анджэем Пачобутам, якога вінавацяць у абразе прэзыдэнта Беларусі, перанесены на 5 ліпеня. Падрабязнасьці ў нашага карэспандэнта ў Горадні Вацлава Галімскага.

Ля Суду Ленінскага раёна Горадні сабралося каля сотні прыхільнікаў апальнага журналіста, прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый і палітычных партый, а таксама пэнсыянэраў, якія сьпявалі рэлігійныя песьні. Адвакат Пачобута Уладзімер Кісялевіч зазначыў, што пры распачацьці крымінальнай справы было парушана заканадаўства:

Уладзімер Кісялевіч:  Пры распачацьці крымінальнай справы, правядзеньні сьледчых дзеяньняў, было парушана некалькі артыкулаў крымінальна-працэсуальнага кодэксу, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Беларусь заключыла міжнародныя пагадненьні з Эўропай, з усім сьветам, і яны павінны выконвацца і ўлічвацца, калі будзе  выносіцца прысуд Пачобуту. Я нагадваў суду, што Пачобут заявіў пра перасьлед за ягоную грамадзкую дзейнасьць у Саюзе палякаў, які не прызнаны ўладамі Рэспублікі Беларусь, а таксама за ягоную дзейнасьць, як карэспандэнта газэты. 5 ліпеня, калі нічога ня здарыцца, павінна быць прадастаўлена слова Пачобуду, калі ён ім будзе карыстацца.

Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч  мяркуе, што прысуд Анджэю Пачобуту будзе ўзгадняцца з афіцыйным Менскам.

Валянцін Стэфановіч: Тут, мне падаецца, судзьдзя матывуецца не ўласнымі ўстаноўкамі, а ўстаноўкамі зь нейкіх іншых арганізацый. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што з першага ліпеня Польшча будзе старшыняваць у Эўразьвязе і ўлады такім чынам хочуць нейкія свае пытаньні і праблемы павырашаць, трымаючы спадара Пачобута, як закладніка ў гэтай сытуацыі. Бо ён і не асуджаны, але ў той жа час знаходзіцца пад вартай. Таму, мне падаецца, гэта палітычныя матывы.

- Як вы думаеце: ці праводзяцца кансультацыі з афіцыйным Менскам у гэтай справе? І дзе справа вырашаецца ў Горадні ці Менску?

- Я мяркую, што справа не вырашаецца ў Горадні. Мне падаецца, што спадар Пачобут быў абраны для гэтай ролі невыпадкова, то бок гэта адказ беларускіх уладаў Польшчы за ейную пазыцыю, якую яна заняла па Беларусі. І чаму невыпадкова спадар Пачобут, таму што гэта адзін з найбольш яскравых прадстаўнікоў польскай дыяспары ў Беларусі, а па-другое – журналіст, які працаваў на польскія сродкі масавай інфармацыі.

Найбольш перажывае, што працэс зацягваецца, жонка Анджэя Пачобута Аксана

Аксана Пачобут: Я не спадзявалася, што суд перанясуць аж так надоўга.  Да пятага – гэта вялікі кавалак часу, але зараз падлічваю, што гэта тыдзень і ўвесь працэс будзе ісьці каля месяцу. І гэта менавіта таму, што ня маюць канчатковага прысуду яму. Будуць глядзець на нейкія адносіны, на нейкія размовы. Можа будзе цуд і яго неяк умоўна.

- Ці не зьвязаны перанос суду з тым, што Польшча з 1 ліпеня будзе старшыняваць у Эўразьвязе?

- Менавіта з тым зьвязаваю, што гэта будзе ў ліпені. Яны будуць глядзець на 1 ліпеня, на тое, што будзе адбывацца 5 ліпеня. Усе гэтыя падзеі будуць падсумаваныя. У адпаведнасьці з гэтым яны можа будуць мець які загад канчатковы – на колькі яго пасадзіць.

- На які прысуд вы спадзяецеся?

- Я так для сябе акрэсьліла, што пасадзяць на 2 гады...

Сябра праўленьня Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Аляксандар Коктыш лічыць, што вынік працэсу залежыць ад палітычнае каньюнктуры

Аляксандар Коктыш: Чаму працэс так доўга цягнецца? Ну, можа няма яснасьці ў суду. Можа няма тых людзей, якія датычныя да гэтага працэсу, таму што раз абраза першай асобы дзяржавы, дык, канешне ж, я ня думаю, што абмяжоўваецца толькі вось гэтым будынкам суду ў Горадні. Ня выключана, што гэтае рашэньне прымаецца на больш высокім і сур’ёзным узроўні. Сказаць, што шмат аптымізму, асабіста ў мяне няма, хоць канешне, хочацца спадзявацца, што Анджэй Пачобут выйдзе з гэтай сітуацыі, з залы суда і з-за кратаў. Наш кіраўнік Жана Літвіна бачыць палітычную падаплёку. З гэтым, канешне, я думаю, можна пагадзіцца.

Чакаецца, што менавіта 5 ліпеня мае выступіць з апошнім словам сам Анджэй Пачобут. Паводле адвакатаў падсуднага, ў гэты ж дзень існуе верагоднасць вынясення прысуду апальнаму журналісту.

Вацлаў Галімскі, Горадні